Сёлета 24 чэрвеня мы рыхтуемся адзначыць 125-годдзе з дня нараджэння Кузьмы Чорнага (1900–1944) – выбітнага пісьменніка, яскравага прадстаўніка беларускай прозы, таленавітага драматурга і публіцыста, літаратурнага крытыка і перакладчыка. Родная вёска Цімкавічы, дзе вучыўся і гадаваўся пісьменнік, яе прырода, гаворка і побыт аднавяскоўцаў вельмі моцна паўплывалі на творчасць Кузьмы Чорнага, які зазначаў: “дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма”. Многія аднавяскоўцы сталі героямі яго твораў. “Мне б на ўсё жыццё хапіла апісваць цімкаўцаў”, – часта гаварыў пісьменнік.
Напрыканцы жыцця ён узгадваў мілыя сэрцу Цімкавічы, вельмі хацеў пабачыць іх, верыў, што там “у ціхім жыцці, можна будзе ачуняць як мае быць і напісаць усе задуманыя раманы”, але здзейсніць гэта ўжо не давялося…
21 чэрвеня 2025 года ў аграгарадку Цімкавічы Капыльскага раёна пройдзе чацвертае па ліку літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі”. Свята ладзіцца ў філіяле “Літаратурны музей Кузьмы Чорнага” і на прылягаючых тэрыторыях сумесна з Капыльскім райвыканкамам пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Час правядзення: 16:00 – 20:00.
У праграме – вялікая канцэртная праграма з удзелам Народнага ансамбля народнай песні “Баравічанка” і артыста эстрады Сяргея Славянскага, а таксама прадстаўленне Лялечнага тэатра-батлейкі “Дом з Марамі”, цікавыя экскурсіі па музеі, сустрэчы з пісьменнікамі, гульні, майстар-класы, разыгранкі, мноства інтэрактыўных пляцовак і фотазон.
Упершыню ў Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага можна будзе ўбачыць арыгінальныя работы вядомых беларускіх мастакоў А.Кашкурэвіча, А.Волкава, М.Гуціева, У.Малахава з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – 25 графічных работ-ілюстрацый да вядомых твораў Кузьмы Чорнага: “Бацькаўшчына”, “Трэцяе пакаленне”, “Пошукі будучыні” і “Люба Лук’янская”.
Таксама на свяце будуць працаваць выставы-продажы майстроў народнай творчасці, выставы сельскагаспадарчых арганізацый Капыльскага раёна з дэгустацыяй страў беларускай кухні, кропкі грамадскага харчавання.
Запрашаем усіх аматараў літаратуры, музыкі ды падарожжаў у Цімкавічы разам з намі! Вы пабываеце ў вёсцы са старадаўняй гісторыяй, пазнаёміцеся з музеем Кузьмы Чорнага, незабыўна правядзеце час на свежым паветры за вершамі, спевамі ды танцамі. І ўсё гэта – у творчай, гасціннай атмасферы, у прыязнай і каларытнай кампаніі мясцовых жыхароў.
Падрабязная праграма з’явіцца неўзабаве.
Музей арганізуе транспарт на мерапрыемства па маршруце Мінск-Цімкавічы-Мінск. Адпраўленне 21 чэрвеня 2025 г.ў 13:30 ад набярэжнай р.Свіслач паблізу мемарыяла “Востраў слёз”. Прыкладны час вяртання ў Мінск – 22:00. Квіткі – 35р. Браніраванне месцаў: +375 (17) 363-94-65. Квіткі можна набыць ў касе Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры па адрасе г.Мінск, вул М.Багдановіча, 13 або анлайн па спасылцы https://24afisha.by/ru/minsk/events/performances/4352313. Першым 20 пакупнікам – падаруначкі ад музея.