Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Запрашаем на адкрыццё!

15 мая 2025 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, у межах супрацоўніцтва з Дзяржаўным музеем Л.М. Талстога (г. Масква), распачынае працу часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “”Хаджы-Мурат” Л.М. Талстога ў ілюстрацыях Я.Я. Лансэрэ”.

Адкрыццё – 15 мая а 13-й гадзіне (уваход на мерапрыемства вольны).

Выстава прысвечана адной з вяршынь творчасці мастака-ілюстратара Яўгена Яўгенавіча Лансэрэ (1875 – 1946) – цыклу кніжных малюнкаў да аповесці Л.М. Талстога “Хаджы-Мурат”.

Мастак паходзіць з сям’і скульптара Яўгена Аляксандравіча Лансэрэ, яго сястра – знакамітая мастачка Зінаіда Серабракова, а па матчынай лініі ён быў звязаны з сям’ёй Аляксандра Бенуа.

“Хаджы-Мурат” з ілюстрацыямі Я.Я. Лансэрэ выйшаў у 1916 годзе. З’яўленне гэтай кнігі разгладаецца як этапны момант у гісторыі ўсяго рускага кніжнага мастацтва, а сам цыкл ілюстрацый Я.Я. Лансэрэ да твору Л.М. Талстога – як адзін з класічных узораў кніжнай ілюстрацыі.

Я.Я. Лансэрэ аказаўся блізкім да Талстога, як аўтара аповесцяў пра Каўказ, па рамантычным светаадчуванні і “ўлюбёнасці” ў горы. Ілюструючы “Хаджы-Мурата”, ён выступіў як “ідэальны чытач”, які “ўхапіў” дух літаратурнага твору.

Застаўкі, канцоўкі, дробныя малюнкі пяром, палосныя ілюстрацыі размешчаны строга лагічна і прадумана. Яны падобныя на своеасаблівыя графічныя каментары да тэксту і надаюць асаблівую жыццёвасць старонкам, аб’ядноўваючы тэкст і пластычныя вобразы.

На выставе будуць прадстаўлены тытульны ліст да аповесці “Хаджы-Мурат” і макет кнігі, падрыхтаваны Лансэрэ да выдання ў 1916 г.; экзэмпляры кнігі “Хаджы-Мурат”, ілюстраваныя Лансэрэ, якія выходзілі ў розныя гады; асобныя ілюстрацыі, кніжныя развароты, накіды, натурныя замалёўкі, эцюды горных пейзажаў, аулаў, хатняга начыння, зброі, партрэты горцаў і жанчын у нацыянальных строях; партрэты Хаджы Мурата, Л.М.Талстога, князёў Варанцовых і іншых персанажаў і асоб. Таксама на выставе можна будзе пабачыць скульптуры Яўгена Аляксандравіча Лансэрэ і многае іншае. Экспазіцыя будзе дапоўнена матэрыяламі з фондаў ДМГБЛ, якія маюць дачыненне да тэмы “Леў Талстой і Беларусь” і “Творчасць Талстога ў выяўленчым мастацтве Беларусі”.

Выстава на рускай мове. Будзе цікава аматарам літаратуры, гісторыі, жывапісу. Дзейнічае па 10 жніўня 2025 года па адрасе г.Мінск, вул.М.Багдановіча, 13.

Close Menu
Close Menu