Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Выстава да 95-годдзя У.С.Караткевіча

25 лістапада 2025 года ў 17:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца адкрыццё часовай літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Вясна ўвосень”, прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Выстава створана сумесна з філіялам “Аршанскі музей У.С. Караткевіча” ўстановы культуры “Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны”.

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (26 лістапада 1930, Орша – 25 ліпеня 1984, Мінск) – адзін з найвыдатнейшых беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя: паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст. Класік нацыянальнай літаратуры, першы беларускі аўтар, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Кавалер Ордэна Дружбы Народаў (1980), лаўрэат прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа (1983) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984, пасмяротна).

Экспазіцыя займае дзве залы і раскрывае творчы свет пісьменніка, яго жыццёвы і мастацкі шлях праз зварот да казачнай прозы, а таксама прадстаўляе яго выяўленчую спадчыну.

Наведвальнікі пабачаць багатую калекцыю фотаздымкаў, кнігі аўтара, афішы спектакляў паводле яго твораў, ліставанне, уласныя малюнкі Караткевіча, а таксама ілюстрацыі да яго твораў беларускіх мастакоў – Пятра Драчова, Юрыя Зайцава, Валерыя Славука, Лізаветы Пастушэнка і іншых.

Сярод асабістых рэчаў пісьменніка на выставе можна пабачыць пазнавальныя прадметы яго адзення, партфель, гадзіннік, аксесуары для палення, кубак, якім ён карыстаўся падчас апошняй вандроўкі ў 1984 годзе, шматлікія сувеніры, у тым ліку фігуркі чорцікаў з яго знакамітай калекцыі.

Дапаўняюць шэраг экспанатаў скульптурныя выявы Уладзіміра Караткевіча аўтарства Льва і Сяргея Гумілеўскіх.

Экспазіцыя створана на аснове матэрыялаў фондаў і бібліятэкі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Аршанскага музея У.С. Караткевіча, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і хатняга архіва Уладзіміра Караткевіча.

Выстава будзе цікава шырокаму колу наведвальнікаў: школьнікам, студэнтам філалагічных факультэтаў, педагогам і прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, даследчыкам і аматарам беларускай літаратуры. Будзе працаваць да 1 сакавіка 2026 года.

Куратар – загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Ірына Расціславаўна Князева. Даведкі і замова экскурсій па тэл. +375 17 395 44 47.

Close Menu