Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Лекцыя Ганны Севярынец

27 снежня 2019 г. а 18-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на апошняе ў гэтым годзе мерапрыемства ў межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Выдавецкага дома “Звязда”, якое прысвечана 115-годдзю з дня нараджэння паэта, крытыка, перакладчыка, аднаго з заснавальнікаў Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” Алеся Дудара.

Алесь Дудар (сапр. Аляксандр Аляксандравіч Дайлідовіч) нарадзіўся 24 снежня 1904 года. Адзін з самых маладых паэтаў “паслякастрычніцкага прызыву” (Г. Севярынец) шаснаццацігадовым хлопцам ён прыйшоў у літаратуру адкрытым і шчырым – у жыцці, у паэзіі, у прозе, у літаратурнай крытыцы. Такім маладым, адкрытым і шчырым ён загінуў у “чорную ноч” беларускай культуры 29 кастрычніка 1937 года. Такім ён паўстае для нас сёння, дзякуючы даследчыкам, якія вяртаюць у чытацкую прастору літаратараў міжваеннага часу.

“…У часы, калі ўсе навокал так лёгка падзяляюцца на герояў і здраднікаў, “сваіх” і “чужых”, сяброў і ворагаў, нам як паветра патрэбныя не-героі, сапраўдныя, а значыць, складаныя і супярэчлівыя, людзі, якія ўзялі на сябе смеласць выказацца “як ёсць”, без прынятых на сябе роляў. Такім паэтам быў Алесь Дудар”, – лічыць даследчыца жыцця і творчасці паэта Ганна Севярынец, якая вярнула ў беларускую літаратуру не толькі імя Дудара, але і значную частку яго літаратурнай спадчыны, у тым ліку першы пераклад на беларускую мову “Яўгенія Анегіна” А. Пушкіна.

27 снежня а 18-й гадзіне Ганна Севярынец прачытае адкрытую лекцыю “Супярэчлівы час як паэтычная трагедыя. Каліноўскі, Сталін, БССР і Беларусь у вершах Алеся Дудара”, якую вызначыла па жанры як “неюбілейная лекцыя”.

 

Уваход вольны.

Калі: 27 снежня 2019 г. 18.00

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

вул. М. Багдановіча,13

(часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя

“Залатая раніца беларускага Адраджэння”)

 

Close Menu