Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Пішучая машынка Continental

Прадмет з фондаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі

У ХХ стагоддзі ніводны пісьменнік не мог абысціся без пішучай машынкі. Пятрусь Броўка больш за ўсё любіў пісаць алоўкам у нататніках, але і ён меў у сваім распараджэнні некалькі машынак.

Адна з іх – партатыўная пішучая машынка Continental. Такія машынкі вырабляліся на нямецкім прадпрыемстве Wanderer – Werke vorm. Winklhofer & Jaenicke A.G. (скарочана Wanderer Werke AG). Спачатку яно насіла іншае імя і займалася продажам і рамонтам, потым вытворчасцю ровараў, матацыклаў і аўтамабіляў. Пазней заснавальнікі Йохан Вінкльхофер і Рыхард Яніке вырашылі наладзіць вытворчасць пішучых машынак, і ў 1903 годзе свет убачыла першая іх мадэль. Адзін з асноўных заводаў Wanderer Werke AG знаходзіўся ў горадзе Зігмар, які ў 1935 годзе быў аб’яднаны з прыгарадам Шэнаў. На пішучых машынках фірмы ставілася стылізаваная літара W і назва Wanderer Werke Siegmar-Schönau. Машынкі Continental прадаваліся некалькі дзесяцігоддзяў з вялікім поспехам. З цягам часу да машынак дадаваліся розныя шрыфты моў свету.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, прадпрыемства паступова загружалася ваеннымі замовамі. З 1942 года такой прадукцыі становіцца ўсё больш, таму ўладальнікі вырашаюць спыніць выпуск пішучых машынак. У 1945 годзе вытворчасць Wanderer Werke сур’ёзна пацярпела з-за бамбардзіровак. Абсталяванне для машынак было дэмантавана і вывезена ў якасці рэпарацый у СССР, дзе на яго базе быў наладжаны выпуск пішучых машынак пад маркай “Масква”.

Партатыўныя мадэлі Continental выпускаліся з 1929 па 1948 год. Такія машынкі былі лягчэйшыя па вазе і меншыя па памеры, іх эксплуатацыя не патрабавала пастаяннага працоўнага месца. Яны ідэальна падыходзілі для людзей творчых прафесій, якія часта бралі машынку з сабой.

Пятрусь Броўка набыў свой партатыўны экзэмпляр Continental у перыяд з 1945 па 1948 год у нейкай прыватнай асобы ў Мінску. Пасляваенныя ўмовы бялі цяжкімі, а наяўнасць пішучай машынкі значна паляпшала ўмовы працы штатнага карэспандэнта газеты “Правда”, кім быў у той час П.Броўка. Згодна серыйнаму нумару R 347389 яна была выпушчана ў 1941-1942 гадах. Мяркуючы па знешнім выглядзе і тэхнічных асаблівасцях, хутчэй за ўсё перад намі мадэль № 50 ці мадэль № 100.  Пішучыя машынкі Continental, вырабленыя да 1942 года ўключна, лічацца аднымі з лепшых у свеце па якасці, эрганоміцы і дызайне.

Close Menu