У святочнай атмасферы 13 снежня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшло ўсімі любімае традыцыйнае свята “Беларуска-нямецкія Каляды”, якое ў гэтым годзе мы святкавалі сумесна з нашымі сябрамі з Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі.
У гэты дзень сапраўдная казка запанавала ў сценах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, таму кожны наведвальнік знайшоў занятак сабе па душы.
Дарослыя і маленькія госці зацікавіліся працай воркшопаў. Кожны змог паўдзельнічаць у майстар-класах па ўпрыгожванні цацак на ялінку і стварэнні паштовак у тэхніцы выцінанка ад сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Валянціны Слюнчанка. Усе, хто далучыўся да свята, паўдзельнічалі ў конкурсе на самае смачнае печыва і змаглі яго пакаштаваць.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуліся дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў і дырэктар Цэнтра “Інстытут нямецкіх даследванняў” пры Беларускім дзяржаўным універсітэце Павел Грашавік, якія адзначылі, што праект “Беларуска-нямецкія Каляды” – гэта ўнікальная магчымасць убачыць традыцыі розных краін на адной пляцоўцы і што, несумненна, праект будзе працягвацца і надалей.
На свята завіталі ганаровыя госці, якія павіншавалі ўдзельнікаў імпрэзы: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аўстрыйскай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Алоізія Вёргеттэр, прадстаўнік Пасольства Швейцарскай Канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Філіпп Петэр, кіраўнік прадстаўніцтва Нямецка-беларускага эканамічнага клуба ў Мінску Яўген Гудзі, прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай царквы Дзмітрый Каўрыга.
А стварыць сапраўдную калядную атмасферу дапамагалі дзіцяча-юнацкая капэла “Адраджэнне” Усіхсвяцкага прыходу з традыцыйнымі святочнымі песнямі, студэнцкая тэатральная група “Незабудка” Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта з калядным спектаклем на нямецкай мове і песнямі, капэла традыцыйнай музыкі і танцаў “Колісьнія”, якая зладзіла “Танцавальны фэст”. Па традыцыі нашых продкаў госці паглядзелі батлеечнае прадстаўленне “Цар Ірад”.
Усе наведвальнікі паўдзельнічалі ў калядным абрадзе з песнямі і гуляннямі ад Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, змаглі сваімі пачастункамі падняць Казу і патанчыць з Мядзведзем, а таксама праверылі свае веды па гісторыі Калядаў у нямецкамоўных краінах і Беларусі ў краязнаўчай віктарыне.
Не абмінулі мы і яшчэ адну традыцыю – абмен падарункамі з віншаваннямі ад Дзеда Мароза і Снягурачкі. Кожны ўдзельнік свята атрымаў настрой весялосці, радасці, чакання чагосьці незвычайнага на ўвесь наступны год.








