Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Гістарычны калапс. Праграма Літаратурнага музея Петруся Броўкі

Свет ніколі не будзе ранейшым…

Здаецца, што прадчуванні нечага нявытлумачана жахлівага і назаўсёднага лётаюць у паветры… Згодныя з гэтым? А акадэмік Мікалай Нікольскі (знакаміты сусед Петруся Броўкі, якому ўпершыню адкрыта выстава ў нашым музеі), пэўна, не пагадзіўся б. Бо гісторыя, якой ён прысвяціў сваё жыццё, сцвярджае, што ад часоў старажытнага Вавілону і да сучаснасці свет няспынна, няўрымсліва змяняўся. І, як паказвае практыка, развіццё, рух, і нават разбурэнне звычайна з’яўляюцца пачаткамі для лепшага.

Таму захоўвайце спакой і прыходзьце 22 мая з 18:00 да 23:00 у Літаратурны музей Петруся Броўкі на “Ноч музеяў – 2021: Гістарычны калапс”, каб зірнуць на наш свет вачыма непрадузятага гісторыка! Здабыткі разумнейшых цывілізацый Месапатаміі, мудрасць Рымскай імперыі, міфалогія Кітая, фальклор Беларусі будуць вашымі праваднікамі ў свет навуковага мыслення. Безумоўна, у самай загадкавай і захапляльнай форме.

ПРАГРАМА:

18:00 – Лекцыя “Становішча Элеўсінскіх містэрый у Рымскай імперыі ў I-V стст. н.э.” (Аляксандр Бадылевіч, магістр гістарычных навук).

Вы даведаецеся аб містычных культах антычнасці, у прыватнасці, кульце пакланення Персефоне. Як з’явіўся культ, што ўвайшло ў яго рытуальную практыку, як склаўся лёс прыхільнікаў культа пасля таго, як грэчаскія полісы ўвайшлі ў склад Рымскай імперыі, якое месца яны занялі ў рымскім грамадстве і рымскай уладзе, а таксама як зніклі Элеўсінскія містэрыі на сыходзе Рымскай імперыі.

19:30 – “Проста аб складаным: (не)канферэнцыя аб гісторыі старажытнаўсходніх грамадстваў”.

Discussio mater veritas est – у дыскусіі нараждаецца ісціна. Спецыяльна запрошаныя гісторыкі Ілля Лапушанскі і Віктар Дзядкоў публічна падыскутуюць пра гісторыю старажытнаўсходніх цывілізацый. Станьце ўдзельнікам навукова-папулярнай (не)канферэнцыі.

21:30 – Лекцыя “Шыфраваныя пачуцці ў беларускіх народных песнях” (Марына Дубень, салістка фальклорна-этнаграфічнага ансамблю “Багач”).

Беларускі фальклор – адзін з напрамкаў навукі, які цікавіў акадэміка Нікольскага. Але ці ўсё так проста і зразумела з нашымі народнымі спевамі? Часам, нашыя продкі праз песні выказвалі ўсё тое, што нельга было казаць наўпрост. Марына Дубень распавядзе, як беларусы шыфравалі ў народных песнях самыя салодкія фантазіі і сараматную палкасць.

А ТАКСАМА:

“Прадказанні будучыні ў старажытным Вавілоне”.

У старажытным Вавілоне практыкаваліся розныя спосабы варажбы і прадказання будучыні. Некаторыя з іх будуць зразумелымі для сучасніка. Такія, як тлумачэнне сноў, астралагічныя прадказанні. Але нешта можа падацца і жахлівым. Напрыклад, варажба на вантробах жывёл.

Менавіта у Вавілоне з’явілася першая вядомая калода для варажбы – Зікурат. Гэта былі невялічкія гліняныя таблічкі з клінапіснымі подпісамі і малюнкамі, кожны з якіх меў сваю сімволіку.

У Ноч музеяў кожны жадаючы зможа зірнуць у таямніцы сваёй будучыні пры дапамозе больш сучаснага аналага Зікурата – карт Таро.

“Гукі старажытнасці, ці Як бы вы гучалі на шумерскай мове”.

Шумерская мова – адна з мёртвых моў, аднак па часу свайго жыцця яна пераўзыходзіць многія сучасныя еўрапейскія мовы. З’явіўшыся ў 3000 годзе да н.э., яна праслужыла сродкам камунікацыі для народаў Усходу аж да І ст. да н.э. Падчас Ночы музеяў мы пазнаёмім вас з гісторыяй фарміравання шумерскай мовы і з тым, як яна была структаравана, дапаможам вам скласці сваё імя на гэтай старажытнай мове.

Чэлендж “Як прыручыць дракона”.

Драконы – фантастычныя істоты, якія ва ўсе часы вабілі чалавечую фантазію. У кітайскай культуры драконы з’яляюцца сімвалам добрага пачатку – Ян. Падчас Ночы музеяў усім жадаючым прапануецца паглыбіцца ў старажытнакітайскае прыкладное мастацтва арыгамі і злажыць дракона ўсяго толькі з ліста паперы. Задача не з простых, таму першы, хто ўступіць у схватку з лістом паперы і з гонарам паставіць на стол пераможаную пачвару, атрымае спецыяльны прыз – памятную цішотку ад нашага музея.

Настольная гульня “Растлумач мне, калі ласка!”

Колькі сінонімаў ці асацыяцый вам трэба, каб ваш сябар зразумеў і вымавіў у адказ: “Гэта аловак”? А колькі слоў вы можаце такім чынам растлумачыць за хвіліну? Падчас Ночы музеяў усе жадаючыя атрымаюць магчамасць весела і цікава праверыць сваю эрудыцыю і папрактыкаваць беларускую мову ў настольнай гульні “Растлумач мне, калі ласка!”. Вам спатрэбіцца ўменне тлумачыць словы з дапамогай добрага настрою, а таксама сінонімаў, антонімаў, намёкаў, гукаў, рухаў. Колькасць гульцоў неабмежаваная!

Квэст “Пасланні продкаў”.

У Ноч музеяў прыходзьце ў музей і станьце сапраўдным шукальнікам скарбаў! Як самастойна, так і разам з сябрамі вы зможаце пазнаёміцца з рознымі тыпамі пісьменнасці нашых далёкіх продкаў, вывучыць схованкі, разгадаць шыфры і нават – атрымаць бессмяротнасць. Але памятайце – за кожным няправільным крокам назіраюць і таму трэба быць пільнымі – каб разгадаць пасланні продкаў…

Час праходжання – 30 хвілін.

Уваходны квіток: 7 руб.

Для школьнікаў і студэнтаў – 5 руб.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).

Кантактныя тэлефоны: (017) 363-97-50, (017) 342-09-81.

Close Menu