Фотасправаздача з прэзентацыі кнігі “Янка Маўр. Наш вечны рабінзон. Штрыхі да партрэта”.
24 студзеня 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя кнігі “Янка Маўр. Наш вечны рабінзон. Штрыхі да партрэта”, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Укладальніца кнігі – Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, унучка Янкі Маўра. Гэта першае выданне ўспамінаў пра пісьменніка, драматурга, перакладчыка, публіцыста, аднаго з пачынальнікаў нацыянальнай дзіцячай літаратуры Янку Маўра (сапр. Іван Міхайлавіч Фёдараў; 1883-1971), у якое ўвайшлі не толькі ўспаміны яго сваякоў, сяброў, калег. Кніга багата аздоблена шматлікім ілюстрацыйным матэрыялам – фатаграфіямі з сямейнага архіва Янкі Маўра, ліставаннем з Якубам Коласам, аўтографамі пісьменніка, вокладкамі усіх выданняў твораў Янкі Маўра на беларускай і іншых мовах свету. Таксама ў кнізе змешчаны вершы-прысвячэнні Янку Маўру Еўдакіі Лось, Віктара Шніпа, Міколы Маляўкі.
На прэзентацыі выступілі галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” паэт Віктар Шніп, рэдактар выдання Дзмітрый Пятровіч, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” літаратуразнаўца Мікола Трус. Прагучалі ўспаміны Марыі Міцкевіч, Сяргея Няхамкіна. Таксама прагучалі вершы паэтаў Віктара Шніпа, Еўдакіі Лось, Міколы Маляўкі, Казіміра Камейшы, Дзмітрыя Пятровіча. Паэт Яўген Хвалей прачытаў верш-прысвячэнне Марыі Міцкевіч.