Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Фондавая пятніца: тачылка

Сярод практычных канцылярскіх прадметаў, якія знаходзіліся на працоўным стале Петруся Броўкі, вылучаецца маленькі цацачны тэлевізар. Гэта тачылка для алоўкаў, зробленая ў Польшчы ў 1950-1960-я гг. На “экране тэлевізара” можна ўбачыць клоўна на калясе, а калі паварочваць тачылку з аднаго боку ў другі, то клоўн будзе рухацца.

У аснове такіх выяў ляжыць тэхналогія лентыкулярнага друку – на некалькі малюнкаў, разрэзаных на палоскі, накладваецца пластыкавы лентыкулярны (лінзарастравы) пластык з адмысловымі (паралельнымі цыліндрычнымі) лінзамі, дзякуючы якім адбываецца аптычны падзел малюнка, і пры гэтым правае і левае вока бачаць праз такі пластык розныя выявы. Эфект заснаваны на ўласцівасці бінакулярнага зроку чалавека: левае і правае вока глядзяць на свет з розных кропак (падзеленых у чалавека на 60-70 мм). Буйным выявам і выявам, якія разглядаюцца са значнай адлегласці, надаць такі эфект немагчыма з-за памяншэння такога эфекту.

Існуе два тыпы адбіткаў лентыкулярнага друку – “стэрэа” (трохмерны) і “варыа” (анімацыйны).

Стэрэа можна падзяліць на трохмернае стэрэа і псеўдастэрэа. Для стварэння паўнавартаснага трохмернага стэрэа выкарыстоўваецца стэрэаздымка або кампутарныя мадэлі. Псеўдастэрэа мае некалькі плоскіх слаёў, якія перамяшчаюцца з рознай, з пункту гледжання назіральніка, хуткасцю. Такія выявы звычайна ўтрымліваюць аддалены задні план, які ўзмацняе адчуванне глыбіні сцэны – напрыклад, горы, лес ці іншы пейзаж.

Варыа – гэта некалькі плоскіх малюнкаў, якія паслядоўна змяняюць адзін аднаго ў залежнасці ад змены вугла зроку. Варыа могуць быць некалькіх відаў: фліп – паслядоўная змена некалькіх (2-3) малюнкаў, морфінг – плаўнае ператварэнне аднаго аб’екта ў іншы, анімацыя – паслядоўны рух аб’ектаў (да 15). Пры стварэнні тачылкі, што належала Петрусю Броўку, выкарысталі эфект “фліп”, які карыстаўся большай папулярнасцю.

Абодва тыпы – стэрэа і варыа – могуць спалучацца і ў адным адбітку. Напрыклад, у СССР былі папулярныя надрукаваныя такім спосабам “стэрэапаштоўкі”, на якіх аб’ёмны партрэт падморгваў пры невялікім нахіле адбітка. Таксама вырабляліся ў вялікіх аб’ёмах дзіцячыя значкі (так званыя “пералівашкі”) і каляндарыкі.

Close Menu