Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Фондавая пятніца: румяны

Румяны – адзін з базавых элементаў макіяжу. Яны дазваляюць зрабіць твар больш свежым і бадзёрым, а таксама падкрэсліць выразнасць скул. Румянамі карысталіся старажытныя егіпцяне, грэкі і рымляне. У Сярэднія вякі попыт на румяны рэзка скараціўся, бо бледная скура стала адзнакай багацця і высокага статуса. Арыстакратыя імкнулася праводзіць больш часу ў памяшканнях, нанасіла на твары яечны бялок і нават рэгулярна пускала сабе кроў з дапамогай п’явак, каб дасягнуць максімальна белай скуры і адрознівацца ад прадстаўнікоў ніжэйшых класаў, скура якіх была чырвонай ад пастаяннай працы пад сонцам. Зноў у моду румяны вярнуліся ў XVI стагоддзі дзякуючы англійскай каралеве Елізавеце І.

У СССР вытворчасць касметыкі пачала развівацца ў 1930-х гадах, калі быў абвешчаны лозунг, што гігіена з’яўляецца неад’емнай часткай побыту культурнага савецкага чалавека. Галоўнымі прадпрыемствамі касметычнай прамысловасці сталі маскоўскія фабрыкі “Свабода” і “Новая зара”, якія былі адчыненыя яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзі, а пасля рэвалюцыі нацыяналізаваны. У 1937 годзе быў адчынены Маскоўскі інстытут касметыкі і гігіены. Прыкладна ў гэты ж час пачаў сваю дзейнасць трэст эфірна-тлушчавых эсэнцый (“ТЭЖЭ”), які выпускаў мыла, духі, пудру, туш, крэм, памаду і іншую касметыку. У 1950-1960-я гады было адкрыта яшчэ некалькі фабрык у буйных гарадах СССР – Ленінградзе, Краснадары, Сімферопалі, Харкаве і іншых. Румяны ў СССР вырабляліся спецыфічныя: тлустыя, па кансістэнцыі нагадвалі крэм і мелі насычаныя колеры – слівовы, ружовы, чырвоны. Даволі часта жанчыны фарбавалі імі вусны, а на шчоках растушоўвалі памаду. Замест румянаў выкарыстоўваліся і ружовыя цені для век.

Калі была магчымасць, савецкія жанчыны карысталіся замежнай касметыкай. Асаблівым шыкам лічылася мець румяны ад Estée Lauder. Часам сустракаліся іншыя замежныя маркі. У фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі захоўваецца палетка румянаў і пудры папулярнага ў Савецкім Саюзе польскага брэнда касметыкі “Pollena Miraculum”. Палетка належыла жонцы паэта Алене Міхайлаўне Броўцы.

Close Menu