Рубрыка #ФондаваяПятніца
філіяла “Літаратурны музей Петруся Броўкі”
“Жыць з мастацтвам” – гэта дэвіз сусветна вядомай нямецкай кампаніі Разэнталь (Rosenthal), якая ўжо 145 год займаецца вытворчасцю фарфору.
Заснавальнік кампаніі Філіп Разэнталь пачаў свой бізнес у горадзе Зэльб (Баварыя) у 1879 годзе з роспісу неразмаляванага белага фарфору, які ён закупляў на іншых фабрыках, а затым перапрадаваў. З часам фарфоравым фабрыкам стала больш выгадна самім арганізоўваць цэхі па роспісе, і Разэнталь вырашае вырабляць свой уласны фарфор. Яго фабрыка, пабудаваная ў 1891 годзе, прыцягнула да сябе ўвагу дзякуючы тэхнічным распрацоўкам і сучаснаму дызайну.
У 1897 годзе кампанія арганізавала дадатковую вытворчасць у горадзе Кронах (Баварыя). У 1904 годзе ў кампаніі было ўжо 1200 супрацоўнікаў. Работнікі Rosenthal былі самымі высокааплатнымі ў галіне, аднымі з першых атрымалі аплочваемы адпачынак, для іх было пабудавана арэнднае жыллё, а таксама створаны яслі для дзяцей і прысядзібныя сады. У 1910 годзе на фабрыцы быў створаны мастацкі аддзел па вытворчасці фарфоравых фігурак, які да таго часу з’яўляўся прывілеем выключна для каралеўскіх фабрык.
Нягледзячы на тое, што ў 1934 годзе заснавальніку фабрыкі прыйшлося эміграваць з Германіі, фабрыка захавалася і працягнула выпуск прадукцыі. Падчас Другой сусветнай вайны заводы Rosenthal выкарыстоўваліся для вырабу фарфору і электратэхнічнай прадукцыі.
У 1950 годзе кампанію ўзначаліў сын заснавальніка Філіп Разэнталь малодшы, які вярнуўся з Вялікабрытаніі ў Германію. Гэты перыяд можна назваць “рэнесансам” маркі Rosenthal – кампанія выйшла на лідзіруючыя пазіцыі ў вытворчасці фарфору і стала “заканадаўцам моды” і адным з флагманаў у развіцці фарфоравага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Эскізы для элітнага фарфору стваралі такія славутыя мастакі, як Сальвадор Далі, Вальтэр Гропіус, Эндзі Уорхал. У 1960 годзе ў Нюрнбергу ствараецца першая студыя Rosenthal House, дзе кампанія дэманстравала новыя прадукты з іх сучасным дызайнам у адпаведным абсталяванні. У канцы 1980-х фарфоравая прамысловасць перажыла структурны крызіс, у выніку якога вытворчасць кампаніі была аб’яднана ў двух месцах: у Зэльбе і ў Шпайхерсдорфе.
Сярод музейных прадметаў у фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі захоўваецца гарбатная пара Rosenthal, якая некалі належала сям’і Броўкаў. Яна адносіцца да серыі “Chrysantheme Viktoria Luise”, якая была выпушчаны да 50‑гадовага юбілею кампаніі ў 1929 годзе.