Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Фондавая пятніца: парцалянавая статуэтка

Рубрыка #ФондаваяПятніца
філіяла “Літаратурны музей Петруся Броўкі”

У фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі захоўваецца сувенір, падораны паэту – парцалянавая статуэтка “Танцуючая пара” (таксама бытуе назва “Народны танец”). Яна была створана на Рыжскай парцалянавай фабрыцы (былой фабрыцы Эсэна) у 1957 годзе, згодна кляйму “RPF / RIGA” і лічбам на донцы вырабу (57). Аўтарам з’яўляецца Зіна Улстэ – на той момант вядучая мастачка фабрыкі. “Танцуючая пара” стала адной з першых арыгінальных статуэтак, вырабленых на Рыжскай парцалянавай фабрыцы пасля яе рэканструкцыі і спецыялізацыі творчасці.

 

Прадукцыя двух рыжскіх парцалянавых заводаў – Рыжскага керамічнага (былой фабрыкі Кузняцова) і Рыжскага парцалянавага (былой фабрыкі Эсэна) пабывала на выставах у многіх гарадах свету – Токіо, Турын, Дамаск, Лейпцыг, Будапешт, Брусэль, Манрэаль, Плоўдзіў, Заграб і іншых. У 1963 годзе два заводы аб’ядноўваюцца ў сумеснае прадпрыемства пад назвай “Рыжскі парцалянава-фаянсавы завод”. Зіна Улстэ працавала на ім да самага яго закрыцця. У 2001 годзе мастачка падарыла свае працы музею рыжскага фарфору.

У 1954 годзе Зіна Улстэ два месяцы працавала ў Доме творчасці мастакоў у Дзінтары, дзе былі створаны 4 статуэткі – “Танцуючая пара”, “Школьніца”, “З горкі”, “Футбаліст”. Самай папулярнай з іх з’яўляецца якраз “Танцуючая пара”, якая з-за свайго памеру (каля 33 см вышыні) не падыходзіла для тыражавання на фабрыцы, але невялікімі накладамі выпускалася да 1970-х гг. Характары дзяўчыны і хлопца раскрываюцца за кошт дбайнай прапрацоўкі дэталяў і роспісу, аднак у перадачы руху адчуваецца скаванасць формы і статычнасць.

Статуэтка выканана з выкарыстаннем падглазурнага і надглазурнага роспісу і пазалоты. Каляровую гаму роспісу і колькасць асобнікаў у той час дыктаваў распрацаваны ў Маскве ўсесаюзны прэйскурант. Адной і той жа фігурцы з дапамогай роспісу можна было надаць рознае аблічча. Патрабаванне ўжываць пазалоту было звязана з эканоміяй часу (за дзень выраблялася 50-100 фігурак, у залежнасці ад плана), пры гэтым і кошт вырабаў падымаўся. Дэкор большай часткі фігурак выконвалі ўручную па ўзорах, а для запаўнення колерам шырокіх плоскасцяў выкарыстоўвалі аэрограф. У дэкараванні вырабаў асаблівае месца адводзілася латышскаму арнаменту. Традыцыя насіць нацыянальную вопратку і ўпрыгожванні захоўвалася ў Латвіі да пачатку ХХ стагоддзя.

Дзявочы касцюм складаецца з ільняной кашулі, ваўнянай спадніцы, наплечнага пакрывала — “віллайне”, галаўнога ўбору – вянка “ванагс”, лапцей. Ванагс і вілайнэ перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Традыцыйнымі ўпрыгожваннямі латышак служылі сакты – вялікія брошкі з каванага срэбра ў форме сонца, дыяметр якіх даходзіў да 25 см. У рэгіёне Курземе сакты пакрывалі пластом бронзы.

Хлапечы касцюм складаецца з ільняной ці ваўнянай кашулі, кафтана, штаноў, лапцей, а таксама шыйнай хусткі. Нашэнне шыйных хустак было больш распаўсюджана на захадзе Латвіі, чым на ўсходзе. Звычайна мужчыны насілі шкарпэткі і запраўлялі ў іх канцы штаноў. На фігурках прадстаўлена адзенне, характэрнае для самага заходняга рэгіёну – Курземе, які знаходзіцца на мяжы з Літвой.

Close Menu