Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Фондавая пятніца: лупа

Сярод асабістых канцылярскіх прыналежнасцей Петруся Броўкі ў фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі захоўваецца кішэнная лупа. Паэт ужываў яе пры чытанні кніг, газет, часопісаў, пры разглядзе фатаграфій і карт.

Лупа – гэта аптычная сістэма, якая складаецца з адной і больш лінзаў і прызначаецца для павелічэння і назірання дробных прадметаў, размешчаных на адлегласці. Гэты прадмет выкарыстоўваецца ў многіх галінах чалавечай дзейнасці: у біялогіі, медыцыне, археалогіі, банкаўскай і ювелірнай справе, крыміналістыцы, пры рамонце гадзіннікаў і радыёэлектроннай тэхнікі, у філатэліі, нумізматыцы і баністыцы.

Асноўнымі параметрамі лупы з’яўляюцца дыяметр і фокусная адлегласць. Звычайна ўжываюцца лупы з фокуснай адлегласцю прыкладна 2-20 см. Прадметы маркіруюцца па каэфіцыенту павелічэння, напрыклад, маркіроўка 1х адпавядае 25 см. Адлегласцю найлепшага зроку для дарослага чалавека лічыцца якраз каля 25 см. Калі прадмет размяшчаюць ад лупы на адлегласці, трохі меншай за яе фокусную адлегласць, то лупа дае павялічаную выяву прадмета. Для разглядвання дробных дэталяў малюнка ці шрыфта кнігі дастаткова 3-4-кратнай лупы.

Пятрусь Броўка карыстаўся лупай амерыканскай фірмы “Electro-Optix”, мадэль “М-7” з адной лінзы 5-кратнага павелічэння, аптычная сіла якой складае 16 дыёптрый. Першапачаткова заснаваная ў Брукліне, штат Нью-Ёрк, кампанія зараз знаходзіцца ў Паўднёвай Фларыдзе. Мадэль “М-7” выпускалася з 1950-х гадоў у аправе чорнага колеру і мела ліхтарык, які загараўся пры націсканні на прамавугольную кнопку чырвонага колеру. Гэта мадэль стала адной з самых папулярных прадуктаў кампаніі Electro-Optix – яна выпускалася некалькі дзесяцігоддзяў, было прададзена больш за 10 мільёнаў асобнікаў. Кампанія больш за 60 гадоў пастаўляла свае тавары для прамысловага, ваеннага, авіяцыйнага, медыцынскага, дзяржаўнага сектараў. Шырокая лінейка прадуктаў ахоплівала амаль увесь асартымент павелічальнікаў: ручныя лупы, лупы з падсветкай, купальныя лупы, аптычныя прылады для кантролю, вымяральныя лупы, лупы для ювеліраў, павелічальныя пінцэты і інш.

Найбольш верагодна, што лупа была набыта Петрусём Броўкам падчас паездкі ў складзе дэлегацыі на XIV Генеральную Асамблею ААН у Нью-Ёрку ў 1959 годзе.

Close Menu