Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Фондавая пятніца: клумпі

Рубрыка #ФондаваяПятніца
філіяла “Літаратурны музей Петруся Броўкі”

У верасні 1958 года Пятрусь Броўка як старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі ўзначаліў дэлегацыю на Тыдні беларускай літаратуры ў Літве. Для развіцця міжкультурных сувязей паміж краінамі Савецкага Саюза ладзіліся дні, тыдні ці дэкады нацыянальных культур, падчас якіх праходзіў абмен дэлегацыямі творчай інтэлігенцыі, выходзілі пераклады прозы і паэзіі, арганізоўваліся сустрэчы з творцамі і іншыя мерапрыемствы, у друку размяшчаліся разнастайныя артыкулы аб культуры абранай краіны. Падчас паездкі ў Літву беларускія пісьменнікі наведалі Вільнюс, Каўнас, Шаўляй, Тракай, Клайпеду і Палангу. З вандроўкі яны прывезлі і сувеніры. У фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі захоўваецца клумпі – сувенір у выглядзе нацыянальнага літоўскага абутку з дрэва, інкруставанага бурштынам.

 

Клумпі, ці клумпяй (таксама клумпес) – традыцыйны для заходніх рэгіёнаў Літвы абутак, які прадстаўляе сабой разнавіднасць драўляных чаравікаў без задніка і з загнутымі ўверх насамі. Матэрыялам для вырабу абутку служыў суцэльны кавалак лёгкай і трывалай драўніны: бярозы, таполі, бука, вярбы, асіны, ліпы. Падобныя чаравікі, якія адрозніваюцца дызайнам і назвай, былі шырока распаўсюджаныя ў Нідэрландах, Бельгіі, Францыі, Велікабрытаніі, Швецыі, Даніі, Літве, Галісіі, Кантабрыі.

У Літве дагэтуль існуе старадаўні народны парны танец клумпакоіс, які выконваецца выключна ў драўляных клумпі. Ён складаецца з чатырох фігур і суправаджаецца кароткім прыпевам з ажыўленым рытмам прытаптвання. У Беларусі таксама былі свае драўляныя чаравікі, якія называліся “дзеравяшкі”. Іх насілі вясной і восенню пераважна на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і на Заходняй Віцебшчыне, спарадычна яны сустракаліся і ў іншых рэгіёнах. Яны былі двух тыпаў – выдзеўбаныя з кавалка дрэва чаравікі, з круглым або завостраным наском, і камбінаваныя туфлі на нізкім і высокім абцасе, да драўлянай падэшвы якіх прымацоўваўся скураны верх або шырокая скураная паласа.

Драўляны абутак звычайна выкарыстоўваўся сялянамі і рабочымі ў якасці паўсядзённага. Спачатку ён не цалкам выразаўся з дрэва – верх вырабляўся з натуральнай, тоўстай скуры (звычайна буйной рагатай жывёлы). Хутка практычнасць поўнасцю драўляных клумпі пераважыла – іх можна было насіць круглы год, яны абаранялі ногі. Заможныя сяляне маглі сабе дазволіць абутак з лепшай драўніны і з прыгожым аздабленнем – скурай, мехам, аксамітам, майстэрскай разьбой. Такі абутак выклікаў дыскамфорт на ўздыме (там, дзе на сучасных бацінках шнуркі) і таму туды клалі пучок сена ці саломы. Часцей за ўсё людзі апраналі драўляныя чаравікі на ваўняныя шкарпэткі.

Close Menu