Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Фондавая пятніца: электрабрытва “Агідэль”

Рубрыка #ФондаваяПятніца
філіяла “Літаратурны музей Петруся Броўкі”

На ўсіх фотаздымках Пятрусь Броўка выглядае ідэальна паголеным. Да 1960-х гадоў для галення ён карыстаўся так званымі “небяспечнымі” брытвамі, пазней ім на змену прыйшлі брытвы электрычныя. У фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі захоўваюцца некалькі такіх брытв, якія належалі народнаму паэту, і адна з іх – электрабрытва “Агідэль”.

У 1960-х гадах на Уфімскім прыборабудаўнічым заводзе, які спецыялізаваўся на авіацыйнай вытворчасці, быў створаны цэх тавараў народнага спажывання. З ліпеня 1967 года на прадпрыемстве быў наладжаны серыйны выпуск электрабрытвы “Агідэль”. Каб хутчэй пачаць выпуск, чарцяжы і абсталяванне ўзялі з Харкаўскага завода электрабрытв, а знешні выгляд скапіявалі з мадэлі Philishave SC 8010 вытворчасці нідэрландскай фірмы Philips, якая з’явілася ў 1965 годзе.

Асноўнымі характарыстыкамі электрабрытвы былі адсутнасць вібрацыі, нажы, якія самі вострацца, мінімальны расход энергіі, нізкі ўзровень шуму. Спажыўцы палюбілі “Агідэль” за высокую якасць – надзейная брытва служыла літаральна дзесяцігоддзямі. І нядзіўна, бо выкарыстанне тэхналогій авіяцыйнай вытворчасці не магло не паўплываць на спажывецкія якасці. Гэта быў жаданы падарунак мужчыне на якую-небудзь знамянальную дату. Яшчэ большую папулярнасць брытва набыла ў 1975 годзе пасля выхаду ў пракат фільма “Іронія лёсу, або З лёгкай парай!”, дзе галоўная гераіня Надзя падарыла яе свайму жаніху Іпаліту.

Адмысловай вехай для электрабрытвы стаў і 1971 год. Менавіта тады канструктарскім бюро прадпрыемства была распрацавана “касмічная” мадэль пад назвай “Агідэль-1К” – першая электрабрытва для касманаўтаў. Ад звычайнай брытва яна адрознівалася тым, што была прыстасавана над напружанне электрычнай сеткі ў 27В і наяўнасцю мініяцюрнага пыласоса, які збірае валасы.

У наступныя гады спецыялісты аб’яднання ўдасканальвалі эрганоміку і якасць прыбора, выпускаючы ўсё новыя і новыя мадэлі. З 1979 года пачаўся выпуск электрабрытвы “Агідэль-3”, у 1987 годзе – “Агідэль-М”, з 1993 года – “Агідэль-6”, “Агідэль-7”, “Агідэль-8”, “Агідэль-10”, “Агідэль-12”, “Агідэль-11”, “Агідэль-аўта”. Гэта былі двух- і трохножавыя электрабрытвы, а таксама дарожныя мадэлі невялікага памеру. З 2006 года прадпрыемства пачало выпуск інавацыйных мадэляў — 14 і 15. Але, на жаль, у 2012 годзе выпуск электрабрытвы быў спынены.

Close Menu