Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

BelarusianEnglishGermanRussian

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

BelarusianEnglishGermanRussian

Ноч музеяў – 2022: “Калісьці ты быў бітнікам…”

Наша сіла ў тым, што мы памятаем сваю гісторыю. Сіла Юрыя Броўкі – сына Петруся Броўкі, доктара юрыдычных навук і героя нашай новай выставы – была ў тым, што ён ведаў закон, гісторыю, меў сваё меркаванне і карыстаўся магчымасцямі не адставаць ад сучасных тэндэнцый сусветнага мастацтва, з маладосці наведваючы закрытыя кінапаказы, запісваючы джаз на “косткі” і апранаючыся па апошняй модзе.

У “Ноч музеяў” мы прапануем вам не толькі пазнаёміцца з лёсам гэтай цікавай асобы, але і паглыбіцца ў атмасферу савецкага андэграўнду часоў яго маладосці. Адкручваем машыну часу на наступны настрой: 1950-1970-я гады, біт-паэзія, джаз і бугі-вугі, туфлі на маннай кашы, дзеці сонца, боб на галаве, казліныя бародкі і вытанчаныя вусы…

Стылягі, бітнікі, хіпі – субкультуры, якія змянілі савецкую творчасць і моладзь. Ім мы і прысвячаем гэты вечар! Прыходзьце 21 мая з 18:00 да 23:30 у Літаратурны музей Петруся Броўкі на “Ноч музеяў – 2022: “Калісьці ты быў бітнікам…” – абяцаем, будзе неверагодна!

P. S. Асабліва калі вы будзеце апрануты так, як апраналіся яны. Абірайце характэрны лук адной з гэтых субкультур і стварайце незабыўны касцюміраваны вечар разам з намі.

ПРАГРАМА:

18:00 – Лекцыя “Кароткая гісторыя бітнікаў у чатырох “б” і адным забойстве” (Паліна Доля, культуролаг).

Больш чым 60 гадоў таму на паэтычнай вечарыне ў Town Hall Theatre ў Берклі са сцэны быў прачытаны верш, які змяніў амерыканскую літаратуру, а потым і ўвесь свет – “Вой” Алена Гінзберга. З гэтага пачалася гісторыя біт-пакалення, ці, больш звыкла, бітнікаў. Калі вам невядома, як адрозніць бітнікаў, у чым іх канцэпцыя, і пры чым тут будызм і джаз – гэта лекцыя дакладна для вас. Паліна Доля распавядзе гісторыю біт-пакалення, а таксама пра тое, чаго магло б і не з’явіцца без іх уплыву.

18:45 – Прэзентацыя работ Руслана Чатырко “Neural History Majho Kraju”.

Руслан Чатырко працуе ў інжынернай сферы. А ў вольны час займаецца нейроннымі сеткамі і стварае партрэты славутых беларусаў. На выставе “Neural History Majho Kraju” прадстаўлены фотаздымкі розных дзеячаў нашай зямлі. Некаторыя з іх аднаўляліся і станавіліся партрэтамі, а іншыя ствараліся, як, напрыклад, партрэты Скарыны, Баршчэўскага, Драздовіча – фотаздымкі людзей, у чый час нават слоў такіх не было. Выстава паказвае, як сучасныя тэхналогіі судакранаюцца з гісторыяй і аднаўляюць яе жыццё.

19:00 – Інтэрактыўная праграма “Цырульная майстэрня “Вяночак свету”.

Кожная з субкультур мела свой характэрны стыль. Стылягі, якія з’явіліся ў савецкай прасторы напрыканцы 1940‑х, адрозніваліся яркім і крыху аляпаватым адзеннем, якое арганічна дапаўнялася аксесуарамі і, вядома, прычоскай. У прасторах музея разгарнецца сапраўдны цырульны салон, дзе кожны жадаючы зможа атрымаць прычоску стылягі.

20:45­ – Майстар-клас па ліндзі-хопу ад школы танцаў “Качели”.

Ліндзі-хоп – джазавы танец, напоўнены радасцю і адчуваннем палёту. Настрой і рытмы джазу даюць бязмежныя магчымасці для імправізацыі, бо гэты танец найменш пранізаны аспектам спаборніцтва, у адрозненні ад іншых. Галоўнае – атрымаць задавальненне ад працэсу, а не імкнуцца атрымаць перамогу за лепшую тэхніку вечара. Выкладчыкі школы танцаў “Качели” правядуць майстар-клас па характэрнаму танцу эпохі, таму дакладна прапануем падабраць стыляжныя касцюмы, каб пусціцца ў палёт на ўсе сто.

22:00 – Кватэрнік у несавецкім стылі.

Кожны хіпі з любога канца саюза мог падысці ў любое культавае месца, дзе яны збіраліся, і гэта называлася “ўпісацца на флэт”. Месца культавае – музей, тэматыка спрыяе, таму кожны госць, які завітае на нашу “Ноч музеяў”, можа лічыць, што ён “упісаўся”. Песні пад гітару, чабаровая гарбата, чорна-белыя фільмы на прасціне і добры сяброўскі настрой чакаюць кожнага жадаючага.

 

А ТАКСАМА:

Выстава “(Не) у цені бацькі”, прысвечаная Юрыю Броўку.

Юрый Пятровіч Броўка, сын вядомага паэта і дзяржаўнага дзеяча, не пайшоў па слядах свайго бацькі, а звязаў сваё жыццё з юрыдычнай навукай: без дапамогі з боку рухаўся па кар’ернай лесвіцы і ў выніку абараніў доктарскую, стаў вядомым у сваёй сферы спецыялістам і выкладчыкам, распрацаваў школу вывучэння сусветнага права ў нашай краіне. Акрамя таго, 23 гады сын кіраваў музеям свайго бацькі, і менавіта пад яго кіраўніцтвам пачалося стварэнне асноўнай музейнай канцэпцыі і экспазіцыі. Выстава прадстаўляе Юрыя Пятровіча з усіх бакоў: як сына, навукоўца, дыпламата, чалавека.

Рэлакс-тэрапія з расфарбоўкай мандал і пляценнем фенечак.

Расслабімся ў стылі хіпі! (гэта не тое, пра што вы падумалі)

Па-першае, мандала – сакральны сімвал, які ўвасабляе мадэль сусвету і выкарыстоўваецца ў практыках многіх рэлігійных традыцый. Важна – абавязкова каляровая! Вядома, такі глыбокі сімвал у свой час не абмінулі хіпі, зрабіўшы яго дэталлю сваёй культуры. У наш час модным стаў працэс расфарбоўкі мандалы, і гэта сапраўды вельмі “хіпова”! Бо лічыцца, што так можна пашырыць свядомасць, палепшыць настрой, ачысціцца ад ментальных насланняў. Фенечкі – таксама характэрны атрыбут хіпі, які не толькі насілі ды плялі для сябе і на продаж іншым. У спакойным і светлым пакоі музея вас будуць чакаць фламастэры, эскізы мандал, а таксама ніткі і ваш настаўнік у сусвет пляцення фенечак. Паспрабуйце, а раптам сапраўды атрымаецца адпачыць і ачысціць розум?

Інтэрактыўная праграма “Tarot Power” (варажба на картах Таро).

Любы культурны рух трымаецца на веры: у свае перакананні, у правільнасць ідэй, у сваю справу. Кожная з прадстаўленых гэтым вечарам субкультур мела свой філасофскі ці рэлігійны падмурак: бітнікам была блізкай будыйская філасофія, стылягі верылі, што ўсе людзі могуць быць унікальнымі – быць сабой, хіпі часта звярталіся да Бібліі, будызму ці магічных традыцый. Што казаць, калі многія хіпі зараблялі на жыццё не толькі пляценнем фенечак, але і варажбой на картах таро. Прапануем вам адшукаць сваю веру ў светлую будучыню пры дапамозе карт. Таролагі будуць гатовы паспрабаваць даць адказ на любое ваша пытанне.

Майстар-клас па завязванні гальштукаў “Пажар у джунглях”.

Адзін з неадменных атрыбутаў сапраўднага стылягі – стылёвы аранжавы гальштук. Хаця і не абавязкова аранжавы, але дакладна яркі і пярэсты аксесуар з’яўляўся канчатковай дэталлю вобраза. Калі вам яшчэ не давялося навучыцца завязваць мудрагелістыя вузлы, то ў гэтую Ноч вы маеце такую магчымасць.

Настолка “Кінуць брэк па Бродзе”.

Субкультуры стыляг было ўласціва жаданне вылучыць сябе з “шэрай масы”, якую прадстаўлялі, на іх думку, усе астатнія савецкія людзі. Стылягі рабілі гэта пры дапамозе ладу жыцця, адзення і нават мовы. Так, яны размаўлялі на адмысловым слэнге, жаргоне, некаторыя словы якога пераймалі ад музыкаў-джазістаў або запазычвалі з англійскай мовы. Каб адчуць сябе ў “скуры” стылягі, паспрабуйце знайсці адпаведнікі звычайным словам у настольнай гульні і, магчыма, зможаце “кінуць брэк” разам з імі!

Настолка “Нофелет”.

Чалавеку, які належыць да пэўнай субкультуры, заўжды важна было адшукаць сваё кола аднадумцаў, у якім няма месца “батонам” і адрозным перакананням. Пры дапамозе гэтай гульні вы зможаце пазнаёміцца, знайсці “сваіх”, упісацца на аўтапаці, а магчыма, нават адшукаць сваё каханне ў гэты вечар.

 

Уваходны квіток: 5 руб.

Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).

Кантактны тэлефон: +375 (17) 342-09-81.