
З 3 лютага 2021 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае наведаць выставу “Андрэй Макаёнак. Тэатр – крыніца майго жыцця”, якая экспануецца ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача.
Кароткая анатацыя да выставы.
П’есы народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры, сталі асновай рэпертуару многіх тэатраў другой паловы ХХ ст. Андрэй Макаёнак працягваў традыцыі сатырычнай драматургіі, прычым рабіў гэта з вялікім поспехам, які прыпадае на 50-80-я гады. Цэлыя тры дзесяцігоддзі камедыі Макаёнка ўзрушвалі душы гледачоў ў Беларусі, на далёкіх абшарах былога Савецкага Саюза – ад Камчаткі і Сахаліна да Прыбалтыкі і Закарпацця, і ў некаторых краінах Цэнтральнай Еўропы. А па такім паказчыку, як колькасць тэатраў, што ставілі ягоныя п’есы, Макаёнак быў абсалютны чэмпіён. Не перастаюць здзіўляць сучаснікаў яго п’есы “Зацюканы апостал” і “Трыбунал”, што з перыядычнасцю з’яўляюцца ў рэпертуарных афішах тэатраў рэспублікі.
Выстава раскрывае лёсавызначальныя моманты з жыцця пісьменніка, яго прыход у літаратуру і сцэнічнае жыццё п’ес А.Макаёнка.
У межах выставы Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прапануе прыняць удзел у акцыі “Музей і тэатр побач”.
Умовы для ўдзелу: у перыяд з 03.02.2021 па 28.02.2021 пры наведванні Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача разам з квітком Вы атрымліваеце КУПОН на 50% зніжку на наведванне пастаяннай і часовых экспазіцый Музея гісторыі беларускай літаратуры ў перыяд з 03.02.2021 па 10.03.2021.
На экскурсійнае абслугоўванне зніжка не распаўсюджваецца.
Літаратурны шчыра запрашае азнаёміцца з дзеючымі экспазіцыямі:
- Пастаянная экспазіцыя “Беларуская літаратура другой паловы ХХ ст.;
- Часовыя экспазіцыі:
- “Пісьменнік. Мастак. Чытач. Дыялог праз кнігу”;
- “Мова хаты”;
- “Легенды і паданні Віцебшчыны ў беларускіх маляваных дыванах” (з 17.02.2021)
- “Залатая раніца беларускага Адраджэння” (літаратары міжваеннага перыяду – К.Чорны, У.Дубоўка, У.Жылка, Я.Скрыган, П.Глебка і інш.);
- “Творчасць як жыццё…” (А.Макаёнак, А.Петрашкевіч, А.Дудараў);
- “Ад палесскіх імхоў да асвейскіх крыніц…” (І.Шамякін, І.Мележ) (з 08.02.2021).