Выстава, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
У сучасным грамадстве, дзе ўсё менш застаецца жывых удзельнікаў і відавочцаў Вялікай Айчыннай вайны, асаблівае значэнне набывае эпісталярная спадчына тых часоў. Франтавыя лісты – каштоўныя сведчанні асабістых, сямейных гісторый, склаўшых гісторыю ўсёй краіны. Апошнім часам усё больш лістоў з фронту, якія доўгія гады заставаліся выключна сямейнымі рэліквіямі, робяцца здабыткам шырокай грамадскасці.
Выстава “Дарагая мая Надзя…” – гэта досвед уважлівага, удумлівага прачытання франтавых лістоў. Спроба рагледзець у кароткіх пасланнях, спехам напісаных алоўкам, глыбокую жыццёвую мудрасць і наказы будучым пакаленням тых, хто загінуў дзеля працягнення жыцця.
Назвай выставы паслужыў зварот да жонкі старшага сяржанта, забітага 8 мая 1945 года ў Рудных гарах на шляху да Прагі. Мільёны пасланняў з фронту пачыналіся словамі “Дарагая мая…”, але кожнае з іх адметнае, індывідуальнае, вельмі асабістае. Сімвалічнасць набыло і імя Надзя – надзея.
Вайна раптоўна разлучыла тысячы сем’яў, і ліставанне стала адзінай нітачкай, якая звязвала родных людзей. Праз лісты франтавікі не проста “размаўлялі” са сваімі блізкімі, яны працягвалі жыць клопатамі пра свой дом і сям’ю. У лістах бацькі выхоўвалі дзяцей, давалі важныя парады сталеючым без іх сынам; мужы дапамагалі жонкам у хатніх справах, палягчаючы сваім каханым цяжкую ношу ваеннага часу; байцы-юнакі клапаціліся пра мацярок, малодшых братоў і сясцёр. Дзякуючы лістам, раздзеленыя сотнямі кіламетраў родзічы заставаліся адзіным цэлым, жылі супольнымі турботамі і перажываннямі.
Чаму ж яны, захоўваючы надзею на перамогу, але часцей разумеючы, што дадому ім не вярнуцца, не аддаляліся ад хатніх спраў? Выстава “Дарагая мая Надзя…” – адзін з адказаў на гэтае пытанне.
На выставе прадстаўлены матэрыялы з фондаў Белгарадскага дзяржаўнага літаратурнага музея, Дзяржаўнага архіва Белгарадскай вобласці, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, сямейных архіваў.
Выстава будзе дзейнічаць з 3 ліпеня па 29 верасня 2024 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры па адрасе г.Мінск, вул.М.Багдановіча, 13.
Адкрыццё – 2 ліпеня а 16-й гадзіне.
Просім прадстаўнікоў СМІ паведаміць аб намеры прысутнасці на мерапрыемстве па тэл.: +375 17 363 94 65.