Цвітуць на ўзлеску верасы
Пяшчотным колерам ліловым.
Змаўкаюць птушак галасы,
Губляюць першы ліст дубровы…
Зоська Верас
Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Людвікі Антонаўны Сівіцкай-Войцік (Зоські Верас) (1892-1991), вядомай пісьменніцы, мемуарысткі, грамадскай і культурнай дзяячкі ХХ стагоддзя.
Людвіка Сівіцкая была сярод тых, хто сустрэў маладога беларускага паэта Максіма Багдановіча, які ў 1916 годзе прыехаў у Мінск з далёкага Яраслаўля. Менавіта яна стала надзейным добрым сябрам М. Багдановічу, дапамагала ў знаёмстве з Мінскам, з дзейнасцю Мінскага аддзялення Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, сакратаром якога з’яўлялася. Разам з Людвікай Максім гуляў па Мінску, размаўляў на розныя тэмы, з ёй і Аркадзем Смолічам пачаў рыхтаваць лемантар для дзетак-беларусаў. Яны прыходзілі на сустрэчы ў клуб “Беларуская хатка”, прымалі ўдзел у “суботніках”, разам сустрэлі Новы 1917 год.

Пасля стварэння Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў 1981 годзе наладжваецца цесныя стасункі паміж Людвікай Антонаўнай Сівіцкай-Войцік і супрацоўнікамі. Яна перадае ў фонды музея фотаздымкі, успаміны пра М.Багдановіча, уласныя мастацкія творы, часопісы і кнігі, прымае музейшчыкаў у сваёй “Лясной хатцы” пад Вільняй і дасылае лісты. У свой час яе лісты аказалі значную дапамогу ў стварэнні экспазіцыі ў мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча “Беларуская хатка”. Людвіка Антонаўна прэзентавала планы будынка, падрабязна апісвала, што было ў пакоях, дзе сустракаліся, сталаваліся, якія тэмы цікавілі пісьменніка на той час, хто з беларусаў быў побач з ім.
Людвіка Сівіцкая-Войцік з’явілася ў гэты свет ва ўкраінскай Жытоміршчыне, большую частку жыцця пражыла пад Вільняй, але да апошніх дзён заставалася патрыёткай роднай Беларусі, бараніла мову, захоўвала гістарычную праўду пра самыя маленечкія падзеі беларускага грамадскага і культурнага жыцця, разумеючы іх важнасць для будучых пакаленняў.
Выстава працуе з 30 верасня па 29 кастрычніка 2022 года,
Аўторак-нядзеля, з 10.00 да 18.30, уваход вольны
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а, тэл.: (017) 355 22 95