Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі

А мы працягваем знаёміць Вас з архівамі пісьменнікаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Максім Лужанін – перакладчык, публіцыст, паэт і празаік, былы сакратар Якуба Коласа, з’яўляецца аўтарам шэрагу зборнікаў паэзіі, прозы і публіцыстыкі.

❗Сапраўднае яго імя – Аляксандр Каратай. Нарадзіўся 2 лістапада 1909 года ў вёсцы Прусы (Салігорскі раён Мінскай вобласці).

У 1924—1928 вучыўся ў Мінскім Белпедтэхнікуме. Публікавацца пачаў у 1925 годзе. Першая кніга вершаў «Крокі» выйшла ў 1928 годзе. У 1928—1931 гадах вучыўся ў БДУ. З 1931 года працаваў у часопісе «Узвышша» і на Беларускім радыё.

У жніўні 1941 г. прызваны ў Савецкую Армію, скончыў Падольскае пяхотнае вучылішча (1942 г.), удзельнічаў у баях пад Масквой і Сталінградам, быў кантужаны. Пакуль атрымліваў новае прызначэнне, пачаў друкавацца ў беларускіх выданнях, што выходзілі ў той час у Маскве. Так сабралася вершаў на зборнік “Шырокае поле вайны”. У фонды музея такі зборнік трапіў разам з архівам Марыі Канстанцінаўны Хайноўскай. На тытульным лісце дароўны надпіс: “М.К.Хайноўскай/ Пачытай, але вершаў/ не пішы./ 15.9.45 Максім Лужанін”.

Акрамя кнігі, у фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца ўнікальны фотаздымак, зроблены ў сакавіку 1943 года ў Маскве, які ў 1988 годзе ў фонды музея перадаў сам Аляксандр Амвросьевіч. На здымку пісьменнік у ваеннай форме.

Максім Лужанін быў адзін з тых, каго хвалявала пытанне захавання памяці пра вайну дзеля таго, каб яна больш не паўтарылася.

“Помніць! Рабіць дзеля памяці пакуль не позна.
Пакуль ёсць яшчэ каму гэта рабіць, пакуль не ўсё яшчэ
трэба браць з архіваў, пакуль жывуць сярод нас
удзельнікі абароны Масквы і штурму Берліна”

Максім Лужанін, 1985

Гэтыя словы важныя і цяпер, і заўсёды, таму што памяць застаецца.

Close Menu