27 ліпеня ў музеі “Фальварак Ракуцёўшчына” прайшло традыцыйнае свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета 2024”. Як заўсёды, на наша свята з’ехаліся госці з розных куткоў Беларусі і замежжа, паэты і пісьменнікі, мастакі і народныя майстры, дарослыя і дзеці.
Свята распачалося каля памятных камянёў, усталяваных у 1977 годзе, з прывітальным словам да гасцей звярнулася Алеся Кузняцова, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Гаспадыня музея Любоў Шчэрбач і супрацоўнікі мінскага музея Максіма Багдановіча ласкава запрашалі гасцей на экскурсіі ў “Дамок арандатара” і “Дом гаспадара”, прапаноўвалі пазнаёміцца з маляўнічымі ваколіцамі Ракуцёўшчыны і пакаштаваць жывой вады з той самай крыніцы, што памятае Максіма Багдановіча.
Цікавосткі для гасцей свята ладзілі супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, устаноў культуры Маладзечна і Маладзечанскага раёна. Тут і выставы, і фотазона, і майстар-класы. Дзівосныя рэчы можна было ўбачыць і прыдбаць на рамесніцкім кірмашы, адведаць гарбаты з духмяных беларускіх кветак. На вялікай сцэне выступалі пісьменнікі і паэты, прафесійныя выканаўцы і самадзейныя калектывы з Маладзечанскага раёна. Завяршылася канцэртная праграма яркім жывым выступам маладога музыкі і папулярнага блогера з Мінска Ільі Шынкарэнкі.
Да сустрэчы на свяце “Ракуцёўскае лета 2025”!