Завяршае серыю публікацый з раздзела #да_75_годдзя_Вялікай_Перамогі артыкул, прысвечаны матэрыялам перыяду 1941 – 1945 гг. з архіва народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.Архіў народнага пісьменніка адзін з буйных у фондзе Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Ён налічвае больш за 2000 адзінак! Гэта і рукапісы твораў “Мёртвым не баліць”, “Сцюжа”, “На чорных лядах”, “Бедныя людзі”; ліставанне з Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, Алесем Адамовічам, Валянцінам Аскоцкім, з Чынгізам Айтматавым і Аляксандрам Твардоўскім; фотаздымкі з сямейнага архіва Васіля Уладзіміравіча і іншае. Шмат цікавых сувеніраў з паездак у Францыю, Балгарыю, Італію, на Кубу, на Украіну, якія дэманструюцца ў экспазіцыі Музея-дачы Васіля Быкава, што ў аг. Ждановічы.
Васіль Быкаў як ніхто ведаў пра вайну. Значную частку яго ўспамінаў у кнізе “Доўгая дарога дадому” займае расповед пра перажытае, пра быт, пра адносіны ў складаны ваенны час. Сярод матэрыялаў таго перыяду вылучаюцца фотаздымак з аднавайскоўцамі і ліст Васіля Уладзіміравіча да родных ад 4 верасня 1944 г.. Вось што ён піша:
“Как я живу описать затрудняюсь. Вся жизнь настоящая состоит из трёх этапов: марш, бой и коротких отдых. Так каждый день, так на войне…
Ваш сын и брат Василий.”
Безумоўна, вайна знайшла адлюстраванне ў творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. І героі нашых публікацый яскравае таму пацвярджэнне. Дзяліцеся ў каментарыях вашымі ўражаннямі аб творах пра Вялікую Айчыную вайну.

