Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі

Зноў серада, а гэта значыць, што мы працягваем размову пра беларускіх пісьменнікаў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

6 ліпеня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння выдатнага паэта, драматурга, перакладчыка Пятра Глебкі (1905–1969).

Нарадзіўся будучы паэт у сялянскай сям’і ў 1905 г. у вёсцы Вялікая Уса Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. У 1923 г. скончыў Уздзенскую сямігодку, у 1924 – паступіў у Мінскі Белпедтэхнікум. У 1925 г. у газетах «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», часопісах «Работніца і сялянка», «Беларускі піянер» з’явіліся першыя вершы П. Глебкі.

У 1928–1930 – сакратар часопіса «Узвышша».  У 1927 г. перавёўся ў БДУ на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1930 годзе Глебка працаваў загадчыкам літаддзела ў газеце «Калгаснік Беларусі», у часопісе «Полымя рэвалюцыі».

Падчас Вялікай Айчыннай вайны служыў у Чырвонай Арміі на Заходнім, Цэнтральным і Калінінскім франтах – працаваў у рэдакцыях франтавых газет «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь».

У 1943–1945 – рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь», галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве.

Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў «Партызанскай дубінцы».

У фондах музея захоўваецца ўнікальны дакумент часоў Вялікай Айчыннай вайны, перададзены ў 2000 г. жонкай Пімена Панчанкі Зояй Кірылаўнай – выпіска аб наданні Пятру Глебку воінскага звання.

Творы Пятра Глебкі часу Вялікай Айчыннай вайны прасякнуты пачуццём любові да Радзімы, верай у перамогу над ворагам. У іх створаны вобраз смелага і мужнага воіна-патрыёта, абаронцы сваёй Айчыны.

Чорнай зграяй у небе кружаць

Над краінай маёй груганы…

Будзь адважны, мужайся, дружа,

Помні вечны закон вайны:

Толькі той у баях пераможа,

Зломіць люты чужынскі рух,

Хто пад націскам зграі варожай

Захавае свой цвёрды дух.

                                                                           П.Глебка“Мужайся”, 1941 г.

Матэрыял падрыхтавала Сачук А.В., малодшы навуковы супрацоўнік аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання фондаў

Close Menu