У 2020 г. спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння пачынальніка новай беларускай літаратуры, класіка, грамадскага дзеяча і перакладчыка – Францішка Багушэвіча і 30 гадоў з дня адкрыцця “Музея-сядзібы Францішка Багушэвіча “Кушляны”.
З гэтай нагоды Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры рыхтуе шмат мерапрыемстваў, прысвечаных гэтым выдатным падзеям. Акрамя штогадовага свята, якое праводзіцца на сядзібе Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, у сакавіку будзе прэзентавана экспазіцыя, якая прадставіць унікальныя матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю Францішка Багушэвіча. Выстава будзе працаваць з 19 сакавіка па 25 красавіка 2020 года ў г. Мінску па адрасе вул. М.Багдановіча, 13. Падчас яе работы музей сумесна з Бібліятэкай № 14 імя Францішка Багушэвіча правядуць акцыю “Дудка грае”, дзе кожны чытач кніг Ф.Багушэвіча з бібліятэкі атрымае квіток на бясплатнае наведванне гэтай выставы. Акрамя гэтага, у межах экспазіцыі плануецца лекторый, дзе наведвальнікі змогуць даведацца пра захапляльны лёс пісьменніка і чароўны свет яго твораў.
І яшчэ. У 1902 годзе менавіта пад уплывам Ф.Багушэвіча пачала пісаць беларуская паэтэса і публіцыстка – Алаіза Пашкевіч (літаратурны псеўданім – Цётка). У сваёй творчасці яна ажыццявіла не ажыццёўленае аўтарам “Дудкі беларускай”: выдала зборнік вершаў пад назвай “Скрыпка беларуская” (1906). У прадмове да зборніка яна пісала: “Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, “Дудка”, грай і мне голас дай”.
Скульптурная кампазіцыя “Цётка” аўтарства вядомага беларускага скульптара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Андрэя Міхайлавіча Заспіцкага гэтымі днямі ўпрыгожвае фае нашага музея.
