Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

BelarusianEnglishGermanRussian

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

BelarusianEnglishGermanRussian

Віртуальная выстава да 100-годдзя з дня нараджэння Аляксея Пысіна

Плаўна круціцца наша планета

Пад наведзеным промнем касым.

Усё, што пройдзена,

Усё, што прапета, –

У вітку засталося зямным.

                                 Аляксей Пысін

 

(1) 22 сакавіка спаўняецца 100 год з дня нараджэння Аляксея Васільевіча Пысіна (22.03.1920 – 27.08.1981).

Нарадзіўся будучы паэт у вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Васіль Пысін, і маці, Хрысьціна (у дзявоцтве Вяржбіцкая), займаліся сельскай гаспадаркай. У роднай вёсцы прайшлі дзіцячыя і школьныя гады А. Пысіна.

Дзяцінства было такое ж, як і ў іншых вясковых хлапчукоў той пары. Будучы паэт слухаў беларускія песні, казкі. Паэт часта ўспамінаў, як  “уваходзіла” у яго жыццё кніга. Аднавяскоўцы звычайна збіраліся доўгімі зімовымі вечарамі ў хаце яго бацькі, якая замяніла яму хату-чытальню. Гэта былі байкі Д. Беднага, апавяданні М. Горкага. З маленства да яго прыйшлі вершы М. Лермантава і Т. Шаўчэнкі, творы Я. Купалы і Я. Коласа.

Вучыўся ў школе ў Высокім Барку, старэйшыя класы скончыў у Палускай сярэдняй школе (1938), да якой было амаль 10 кіламетраў. Ужо ў школьная гады А. Пысін робіць першыя нясмелыя крокі ў паэзіі. Ён становіцца актыўным селькорам раённай газеты “Чырвоны сцяг”.

Першыя вершы ён, выпускнік сярэдняй школы, прынёс у рэдакцыю краснапольскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”. Адзін з іх, “Ураджай”, быў надрукаваны ў ёй у 1938 годзе.

У школе А. Пысін уступае ў камсамол і, дзякуючы гэтаму, пасля заканчэння сярэдняй школы, яго, як актыўнага селькора, райком камсамола накіроўвае на вучобу ў Мінскі Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М. Кірава.

Інстытут паэту закончыць не ўдалося. У 1939 г. пасля ўз’яднання Заходняй і Ўсходняй Беларусі ён, студэнт другога курса, кідае вучобу і едзе працаваць у раённую газету ў мястэчка Бельск, на Беласточчыну. Гэта быў патрыятычны крок, бо ў Заходняй Беларусі ствараліся беларускія газеты, а прафесійных журналістаў не хапала. Там, спачатку ў Бельскай павятовай, а затым у раённай газеце “Чырвоная звязда”, ён працаваў да 22 чэрвеня 1941 года.

А. Пысін прайшоў усю вайну сувязістам – забяспечваў бесперабойную кабельную сувязь пярэдняга краю з камандаваннем. Яго зброяй была вінтоўка, катушка з провадам-кабелем і палявы тэлефонны апарат.

Аляксей Пысін удзельнічаў у баях на пяці франтах: Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Двойчы быў цяжка паранены. Узнагароджаны медалямі, у тым ліку медалём “За адвагу”. Салдат Пысін сустрэў Дзень Перамогі ў Латвіі, на беразе Балтыйскага мора.

Вайна пакінула незабыўны след у памяці паэта. Нягледзячы на тое, што,будучы салдатам, ён ніколі не браў у рукі пяро (выключэннем з’яўляецца верш “Часавы”, які быў напісаны, калі А. Пысін у першыя пасляваенныя гады яшчэ заставаўся ў арміі) і воляю лёсу ў гады вайны апынуўся па-за літаратурнай атмасферай, цэнтрам творчасці А. Пысіна з’яўляецца вайна.

Ён друкаваў першыя пасляваенныя вершы ў часопісах “Вожык”, “Беларусь”, газеце “Літаратура і мастацтва”. З 1949 па 1950 гады быў уласным карэспандэнтам Магілёўскай абласной газеты “За Радзіму”, а з мая 1950 года працаваў рэдактарам у палітаддзеле Свержанскай МТС Стаўбцоўскага раёна Баранавіцкай вобласці.

У 1950 годзе Аляксея Васільевіча Пысіна прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў СССР.

Першая кніга А. Пысіна “Наш дзень” выйшла ў свет у 1951 г. – толькі праз 13 гадоў пасля з’яўлення ў друку першых вершаў (2). Аб пачатку свайго творчага шляху паэт успамінае з горкім сумам: “Нешта пісаў у школе, да і пасля нешта. Было жаданне пісаць, але не было аб чым пісаць. Аб чым ні падумаеш – напісана ўжо. Так са мной было да вайны і нават пасля вайны”.

З 1954 года Аляксей Пысін працаваў рэдактарам Чэрыкаўскай раённай газеты “Сацыялістычная перамога”.

Добрай школай паэтычнага выхавання сталі для Аляксея Васільевіча Пысіна Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, на якія ён паступіў у 1956 годзе ва ўзросце 36 гадоў.

У гэты час паэт пасябраваў з беларускім празаікам Алесем Савіцкім. У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца перапіска, якую перадаў у 2009 г. у музей Алесь Ануфрыевіч, і фотаздымкі, якія сведчаць аб шчырым сяброўстве паміж пісьменнікамі (3, 4, 5).

Аб настойлівай вучобе і карпатлівых пошуках сведчаць дзве кнігі паэта “Сіні ранак” (1959 г.) і “Сонечная паводка” (1962 г.). Увага паэта ўсё больш скіроўваецца назад, да перажытага ў вайну.

Паэт і раней неаднаразова звяртаўся да ўспамінаў аб вайне, але асэнсаванне франтавога вопыту асабліва адчувальна перарастае ў цэласную і завершаную лірычную сістэму ў зборніку “Мае мерыдыяны”, з якога і пачынаецца нібы “другое” нараджэнне паэта (6). Лірыцы Аляксея Васільевіча ўласцівы жыццесцвярджальнасць і традыцыйная манера пісьма.

Пасля выходзяць наступныя зборнікі вершаў: “Твае далоні” (1967 г.) (7), “Пойма” (1968 г.) (8), “Да людзей ідучы” (1972 г.), “Вярбовы мост” (1974 г.), “Ёсць на свеце мой алень”(1978 г.) (9), “Палёт” (1984 г.). Выданні захоўваюцца ў калекцыі “Кнігі” у фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

За зборнік вершаў і паэм “Твае далоні” ў 1968 г. А.Пысіну была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы. Праз некаторы час паэт атрымаў прапанову пераехаць у Мінск, але, пасля нядоўгіх разважанняў, застаўся ў Магілёве, які стаў яму родным горадам.

З 1973 года Аляксей Пысін працаваў у рэдакцыі абласной газеты “Магілёўская праўда”. Падчас журналісцкай працы Пысін неаднаразова пісаў пра людзей вёскі, пра іх працу, беражлівыя адносіны да народнай культуры, у прыватнасці да народнай песні.

У сааўтарстве з С. Гаўрусёвым Аляксей Пысін пераклаў на беларускую мову і выдаў зборнік вершаў татарскага паэта Мусы Джаліля “Маабіцкі сшытак” (1975 г.). Пераклаў зборнік вершаў “Жураўлі над стэпам” (1977 г.) калмыцкага аўтара Міхаіла Ханінава.

Не абышоў сваёй увагай Аляксей Васільевіч і дзяцей. Дзівосны і шматфарбны свет адкрываецца дзецям на старонках яго кніг “Матылёчкі-матылькі” (1962 г.), “Вясёлка над плёсам” (1964 г.), “Колькі сонцаў” (1979 г.), у паэмах “Кавылёк” (1966 г.) і “Дзяўчынка Марыям” (1970 г.). Усё створанае для дзяцей гучыць шчыра, выяўляючы вялікія сімпатыі паэта да маленькага чытача, развівае розум, памяць, выхоўвае адчуванне прыгожага.

У 1980 годдзе Аляксей Васільевіч Пысін атрымаў званне заслужанага работніка культуры БССР, а ў 1981 быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

Пяру А. Пысіна належыць больш за дваццаць кніжак паэзіі. У 1980 годзе быў выдадзены збор твораў у двух тамах (10). У яго ўвайшлі ўсе вершы са зборнікаў, паэмы, некаторыя творы для дзяцей і пераклады.

Творы Аляксея Пысіна перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы. На яго вершы кампазітарамі Л. Курачком, I. Пятровым-Кумінскім і Ю. Федуненкам напісаны песні.

27 жніўня 1981 года Аляксея Пысіна не стала. Ён пахаваны ў Магілёве на Польскіх могілках па вуліцы Лазарэнкі. На магіле паэта ўстаноўлены гранітны помнік з барэльефам. Надмагільная пліта змяшчае вершаваныя радкі, якія напісаў паэт за 15 год да сваёй смерці:

                                                                                           

…Я гляджу на даўняе курганне,

На траву, на рыжых мурашоў.

Ведайце: калі мяне не стане,

Я ў сваю дывізію пайшоў.