29 лістапада ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла імпрэза “(Не)страшныя казкі Уладзіміра Караткевіча”. Мерапрыемства ладзілася ў межах праекта “Рэлікт”, мэтай якога з’яўляецца прэзентацыя музейных фондаў. У гэты вечар аматары прыгожага пісьменства мелі магчымасць убачыць рукапіс Уладзіміра Караткевіча, а менавіта верш “Чорная часіна”. Гэты рукапіс быў падараваны ў свой час Уладзімірам Сямёнавічам Адаму Глобусу, а апошні, у сваю чаргу, вырашыў зрабіць падарунак музею і перадаў яго ў фонды.
Дзякуючы Адаму Глобусу, які быў сярод гасцей імпрэзы, наведвальнікі змаглі пачуць гісторыю стварэння гэтага жартоўнага верша, а таксама шмат іншых цікавых гісторый з жыцця Караткевіча. На вечарыне Адам Глобус падарыў у фонды музея яшчэ адзін каштоўны рукапіс: рэцэнзію Уладзіміра Караткевіча на яго першы зборнік вершаў.
Напрыканцы прагучалі песні на вершы Уладзіміра Караткевіча ў выкананні Рамана Яраша.


