Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Мерапрыемствы, прысвечаныя 128-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча

8-9 снежня 2019 года ў Мінску прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 128-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У сваёй творчасці М.Багдановіч гарманічна спалучаў традыцыі і наватарства, таму супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча прапанавалі адзначыць свята ў незвычайным фармаце.

8 снежня ў музеі прайшла ролевая гульня жывога дзеяння (LARP) “Гісторыі з жыцця Максіма”. Удзельнікі змаглі акунуцца ў атмасферу Яраслаўля пачатку ХХ стагоддзя, “пераўвасобіцца” ў Паэта, яго родных і сяброў, паглыбіцца ў розныя сітуацыі, якія былі ў рэальнасці альбо прыдуманы аўтарамі гульні. Шчырыя словы ўдзячнасці кампаніі «Ларп-фабрика Минск» і асабіста куратарам  Настассі Новік і Ірыне Ляхновіч.

Не менш цікавыя імпрэзы адбыліся 9 снежня ў дзень нараджэння Максіма Багдановіча. Супрацоўнікі музея прэзентавалі дакументальную выставу “КП – 2019”, пазнаёмілі з новымі музейнымі прадметамі, якія сёлета паступілі ў фонды. Найбольш каштоўныя экспанаты – кніга П.Шэйна (1893 год) з этнаграфічнымі нарысамі А.Багдановіча, узоры ткацтва і вышыўкі ад стрыечных сясцёр паэта.

Пад час прэзентацыі выставы “КП – 2019” не абыйшлося без прыемных падарункаў. Аксана Аракчэева, прадстаўніца вядомай мастацкай дынастыі, перадала ў дар музею эцюд Барыса Аракчэева “У думках аб роднай ніве”. У знак шматгадовага плённага супрацоўніцтва загадчык музея Міхаіл Бараноўскі ўручыў Аксане Барысаўне пасведчанне “Сябра Літаратурнага музея Максіма Багдановіча”.

Праграму свята працягнуў Пётр Клюеў, вядомы беларускі музыка, кампазітар, удзельнік гурта ЛСП. У яго выкананні прагучалі песні на словы Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна, іншых беларускіх паэтаў. Супрацоўнікі музея ўдзячны Пятру Клюеву за такое прыгожае музычнае аздабленне вечара і спадзяюцца, што сяброўства і супрацоўніцтва працягнецца надалей.

Завяршыліся ўрачыстыя мерапрыемствы ўскладаннем кветак да помніка Максіму Багдановічу. Час быў абраны адмыслова, будучы геніяльны паэт нарадзіўся, па ўспамінах бацькі, менавіта ўвечары. Фінальная дзея – “маляванне” зорак ліхтарамі мабільных тэлефонаў, як жывое ўвасабленне запавета Максіма Багдановіча, што “ўсе мы разам ляцім да зор…”.

Close Menu