Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Уладзімір Караткевіч. Абуджаная памяць…”

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Уладзімір Караткевіч. Абуджаная памяць…”, прымеркаваная да 50-годдзя выдання рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, з Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры адправілася на радзіму пісьменніка.

4 лістапада 2019 экспазіцыя адкрылася ў Аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча.

“Пасля заканчэння ўніверсітэта я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з’явілася задумка аб рамане на тую самую тэму. Да рэалізацыі яе, праўда, я прыступіў толькі праз дванаццаць год.” (Уладзімір Караткевіч)

У.Караткевіч праяўляў асаблівую цікавасць да паўстання 1863–1864 гадоў. Выключная ўвага мастака да падзей таго часу абумоўлена іх значнасцю ў гісторыі Беларусі, а таксама тым, што ў сям’і пісьменніка захавалася памяць пра родзіча, аднаго з кіраўнікоў паўстанцамі на Магілёўшчыне Тамаша Грыневіча, які быў расстраляны ў Рагачове.

Паўстанне 1863 г. атрымала шырокі міжнародны рэзананс і аказала ўплыў на развіццё грамадска-палітычнага вызваленчага руху народаў Еўропы. На экспазіцыі змешчаны цікавыя матэрыялы. Яны даюць магчымасць пазнаёміцца са старонкамі творчай дзейнасці тых людзей, якія былі сучаснікамі падзей 1863-1864 гг.: Эліза Ажэшка, Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля.

Асэнсаванне падзей таго часу адлюстроўвалася рознымі мастацкімі сродкамі. На экспазіцыі прадстаўлены плакаты Уладзіміра Крукоўскага, работы Леаніда Шчамялёва і Міхася Будавея.

У артыкуле “Праўдай адзінай” Васіль Быкаў зазначыў, што “такой шырыні ахопу пэўнай гістарычнай эпохі і такога паэтычнага пранікнення ў яе яшчэ не было ў беларускай прозе”. 

На адкрыцці экспазіцыі з прывітальным словам выступіла загадчык філіяла Ліна Гатоўская. Свае вершы, прысвечаныя Бацькаўшчыне, навеяныя постаццю Караткевіча, прачыталі прадстаўнікі Літаратурнага народнага аб’ядання “Дняпроўскія галасы”. Экскурс у мінулае, у гісторыю стварэння рамана “Каласы пад сярпом тваім” здзейсніла куратар экспазіцыі, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела ДМГБЛ Вольга Гулева. Аўтар мастацкай канцэпцыі – вядучы мастак  музея Генадзь Чысты.

SAMSUNG DIGITAL CAMERA
Close Menu