12 снежня 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшоў круглы стол “Сучасныя тэхналогіі прасоўвання музея ў сацыяльных сетках (“Facebook”, “Вконтакте” і “Instagram”)”. Намеснік дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры па навуковай рабоце Настасся Леанідаўна Кальцова ў сваім прывітальным слове падкрэсліла важнасць прадстаўленасці музея ў сацыяльных сетках. Было адзначана, што менавіта вядзенне акаўнтаў дапамагае прыцягнуць увагу патэнцыйных наведвальнікаў, пашырыць веды аб музеі і яго дзейнасці.
Для прадстаўнікоў 10-ці літаратурных музеяў выступілі кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры медыялогіі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Лебедзева Марына Леанідаўна з паведамленнем “Сучасныя тэхналогіі прасоўвання музея ў сацыяльных сетках: паняцці і інструментарый (на прыкладзе “Facebook”) і рэдактар сектара навукова-метадычнай і каардынацыйнай работы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Коктыш Іна Анатольеўна з дакладам “Аналіз сучаснага стану акаўнтаў літаратурных музеяў у сацыяльных сетках: слабыя і моцныя бакі ў вядзенні старонак”.
Падчас працы круглага стала ўдзельнікі высветлілі важныя для вядзення акаўнтаў пытанні, акрэслілі магчымыя перспектывы і метады прасоўвання музея і яго паслуг у сацыяльных сетках.



