19 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшло адкрыццё часовай літаратурна–дакументальнай экспазіцыі “Бласлаўлёныя Кушляны Францішка Багушэвіча”.
Час адкрыцця экспазіцыі быў выбраны невыпадкова. 21 сакавіка адзначаецца 180-годдзе з дня нараджэння знакамітага паэта-дэмакрата, публіцыста, грамадскага дзеяча і народнага адваката Францішка Багушэвіча. Сваё 30-годдзе святкуе сёлета і ўнікальны для краіны музей – “Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны”.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў. Сваімі расповедамі пра пісьменніка падзяліліся ўдзельнікі мерапрыемства — літаратуразнавец, археограф і пісьменнік Язэп Янушкевіч; загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Вольга Гулева, краязнавец, даследчык геналогіі насельніцтва ў межах былога Ашмянскага павета Васіль Юрша; гісторык, архівіст і асноўны рухавік арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Зміцер Юркевіч, вядучы бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела НББ Юлія Амосава.
Скончылася імпрэза незвычайнай музычнай часткай: у выкананні Ксеніі Тоўсцік прагучаў верш “Праўда” на ўкулелі.
Музей не спыняецца ў юбілейны год Францішка Багушэвіча толькі на прэзентацыі дадзенай экспазіцыі. У чэрвені запрашаем усіх на традыцыйные свята паэзіі і песні “Кушлянскі Фэст”!