Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

BelarusianEnglishGermanPolishRussian

З 14 лістапада 2019 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе сумесная з Музеем старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры  Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі часовая экспазіцыя “Ёсць чары ў забытым, старадаўным…”

Кожны край мае сваю гісторыю, самабытную і непаўторную культуру. Менавіта народнае мастацтва найбольш яскрава ўвасабляе тое адметнае, што робіць культуру кожнага этнасу распазнавальнай сярод іншых народаў. Гэта скарбонка непаўторнасці. На часовай экспазіцыі “Ёсць чары ў забытым, старадаўным…” наведвальнікі атрымаюць унікальную магчымасць пабачыць жаночыя і дзявочыя нацыянальныя строі Кобрынскага, Бярэзінскага, Ляхавіцкага, Калінкавіцкага, Маларыцкага раёнаў з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры. Гісторыя касцюма дазваляе атрымаць уяўленне і асэнсаваць мінулае народа і яго традыцыі, нормы ўзаемаадносін і лад жыцця.

Дапаўняюць  часовую экспазіцыю маляваныя дываны і калекцыя ручнікоў,  без якіх немагчыма ўявіць традыцыйны беларускі побыт. Цікавасць гэтых прадметаў абумоўлена не толькі дэкорам, але і цеснымі сувязямі з абрадамі нашых продкаў. Яны абавязкова прысутнічалі на найбольш важных этапах лёсу чалавека. Акрамя гэтага ў экспазіцыі будуць прадстаўлены  прадметы паўсядзённага жыцця беларусаў: прылады ткацтва, вырабы з саломы, гліны, лазы, бяросты, дрэва з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Музея старажытнабеларускай культуры.

Запрашаем пазнаёміцца з унікальнымі помнікамі народнага побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва!

 

Месца: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (М. Багдановіча, 13)

Тэлефон для даведак: (017) 334-56-21

Добавить основной текст (9)

Апошнія навіны