Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Час для “Калядных цудаў”

У пару зімовых святаў у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры надзвычай ажыўлена. І не дзіва – арганізаваныя чародкі хлопчыкаў і дзяўчынак спяшаюцца паспець на “Калядныя цуды”. Менавіта так называецца інтэрактыўна-пазнавальная праграма, якую для юных наведвальнікаў цягам усяго святочнага перыяду (да 22 студзеня) ладзяць супрацоўнікі навукова-асветніцкага аддзела.

І дзеці, і настаўнікі ахвотна карыстаюцца магчымасцю замест традыцыйнай экскурсіі па музеі трапіць на пазнавальны занятак, дзе можна не толькі даведацца нешта новае і цікавае, але і весела правесці час за творчым заданнем, атрымаўшы шчодрую порцыю святочнага настрою ў якасці бонуса.

Праграма прысвечана традыцыям святкавання Калядаў на Беларусі. Юным наведвальнікам распавядаюць, чаму менавіта Каляды займалі самае адметнае месца ў гадавым коле беларускага народнага календара, знаёмяць іх са стравамі святочнага стала, таемнасцямі варажбы, а таксама з абрадавымі гульнямі і забавамі.

Далей ужо дасведчаныя ў каляднай тэме вучні трапляюць у “калядную майстэрню”. Надыходзіць час для творчасці – бадай самая ўлюбёная частка праграмы для дзятвы. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўласнаручна майструюць незвычайныя елачныя цацкі-скарбонкі, якія затым займаюць пачэснае месца на музейнай ялінцы або накіроўваюцца па дамах разам з “майстрамі”. Каб пасля яшчэ доўгі час служыць успамінам пра святочны культпаход.

І яшчэ адзін прыемны момант – кожны юны ўдзельнік атрымлівае салодкі пачастунак ад партнёраў праграмы – кандытарскіх фабрык “Спартак” і “Красный пищевик“. (Дзякуй ім за дабрачыннасць, за магчымасць разам ствараць “цуды” для нашых любых наведвальнікаў!).

Сябры, запіс на праграму працягваецца. Спяшайцеся замовіць “Калядныя цуды” для вашых выхаванцаў па тэлефоне +375 17 363-56-21.

Запрашаюцца групавыя і сямейныя наведвальнікі малодшага і сярэдняга школьных ўзростаў.

Працягласць праграмы – каля 60 хвілін. Кошт: 3 рублі / 1 наведвальнік.

Наш адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

На фота – вучні гімназіі №74 г.Мінска.

Close Menu