Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Чацвёртае пасяджэнне Клуба “Час. Чалавек. Эстэтыка: паэзія мінскіх аўтараў ХХ-ХХІ стст.”

25 студзеня 2020 г. а 14-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца чацвёртае пасяджэнне Клуба аматараў паэзіі “Час. Чалавек. Эстэтыка: паэзія мінскіх аўтараў ХХ-ХХІ стст.”

На папярэдніх пасяджэннях клуба гутарка ішла аб складаных творчых шляхах рэпрэсаваных мінскіх паэтаў – Мойшэ Кульбака, Сяргея Грахоўскага, Ізі Харыка. На падставе іх біяграфій і вершаў былі вызначаны і прааналізаваны ключавыя моманты ў гісторыі процістаяння свабоднай асобы і таталітарнай сістэмы. 21 снежня 2019 г. завяршыўся ўмоўна названы “блок рэпрэсаваных паэтаў”.

Наступны раздзел Вольга Маркітантава прапануе прысвяціць рускамоўным мінскім паэтам. Распачне яго размова аб буйнейшай постаці ў сучаснай беларускай паэзіі – Веньяміне Блажэнным (сапр. Веньямін Айзенштат; 1921–1999). Уся яго творчасць вызначаецца каласальнай па аб’ёме распрацоўкай у рускамоўнай беларуска-яўрэйскай паэзіі тэм жыцця, смерці і неўміручасці, святасці і грахоўнасці, веры і рэлігійнага скепсісу, вечнасці і тленнасці, быцця і небыцця, блуканняў і галечы.

Веньямін Блажэнны верыў у магчымасць выбудоўвання ўзаемаадносін паэта з Богам і соцыумам на справядлівых пачатках і ў той жа час усведамляў немагчымасць гэтага. На працягу ўсяго творчага шляху паэтам перыядычна авалодваў сумнеў адносна Боскай бязгрэшнасці, але ў моманты прасвятлення ён адчуваў давер да Яго, як дзіця – да зямнога бацькі. Яго шчырая вера, якая трансфармуецца ў бесперапыннае напружанае паэтычнае маленне, у нейкай ступені мірыла паэта з пустой савецкай рэчаіснасцю і палягчала душэўны боль ад сацыяльнай ізаляцыі і немагчымасці друкавацца. Аднак ніколі цалкам не задавальняла яго.

25 студзеня 2020 года пагаворым аб духоўным і фізічным жыцці мінскага паэта, вандроўніка духу, паспрабуем абазначыць сувязь эстэтычных прарываў зямнога быцця з творчым прасвятленнем Боскай прысутнасці на прыкладзе некаторых вершаў Веньяміна Блажэннага.

Аўтар і вядучая – паэтка Вольга Маркітантава, філолаг-літаратуразнавец, член рэдкалегіі паэтычнага альманаха “Минская школа”. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, магістратуру БДУ, аспірантуру НАН Беларусі. Мае шэраг публікацый па тэме сучаснай рускамоўнай паэзіі Беларусі. Аўтар паэтычнага зборніка “Воздушный океан” (2018). Вершы Вольгі Маркітантавай друкаваліся ў альманаху “Минская школа”, часопісе “Немига литературная”, на літаратурных інтэрнэт-парталах “Textura” і “ЛитРАЖ”.

Кошт: 3 руб.

Калі: 25 студзеня, а 14-й гадзіне

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

(вул. М. Багдановіча, 13)

Close Menu