Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Бывай, “Ракуцёўскае лета”!..

26 ліпеня ў філіяле “Фальварак Ракуцёўшчына” прайшло традыцыйнае свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”.

Пераменлівае надвор’е не перашкодзіла сабрацца вялікай колькасці прыхільнікаў творчасці Максіма Багдановіча.

Распачалося мерапрыемства каля памятных камянёў, з якіх пачалася ў 1977 годзе мемарыялізацыя ракуцёўскіх мясцін. Пра гісторыю ўсталявання валуноў распавяла супрацоўніца музея Ірына Мышкавец, а з прывітальным словам выступіў Мікола Трус, колішні дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, аўтар навуковага абгрунтавання, ініцыятар надання музею “Фальварак Ракуцёўшчына” статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Гаспадыня фальварка Любоў Шчэрбач сустракала ганаровых гасцей караваем. Творцы з маладзечанскага раёна прадстаўлялі рамесныя вырабы. Са сцэны гучалі вершы прадстаўнікоў Саюза пісьменнікаў Беларусі (Міхася Пазнякова, Леаніда Крываноса, Рагнеда Малахоўскага і іншых), а таксама народныя песні і песні на словы Максіма Багдановіча. На стэндзе “Акадэмкнігі” кожны ахвочы мог атрымаць аўтограф упадабанага аўтара.

Супрацоўнікі музея акрамя экскурсіі па фальварку праводзілі майстар-класы і гульні. Цікавыя актыўнасці прапаноўвалі супрацоўнікі маладзечанскай бібліятэкі. Радасна, што гэтым разам да падзеі далучыліся са сваімі заняткамі калегі з гродзенскага музея Максіма Багдановіча.

Завяршылася свята выступамі гуртоў “Ярыца” і “Арацэя”.

“Ракуцёўскае лета” развітваецца да наступнага году, але фестывальная пара ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працягваецца – неўзабаве гасцей пакліча фэст у Кушлянах. Да новых сустрэч!

Close Menu