Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

“Быкаўскія дні” ў філіяле “Музей-дача Васіля Быкава”

Па традыцыі штогод з 19 па 22 чэрвеня ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Музей-дача Васіля Быкава” адзначаюцца дні памяці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

Сёлета зноў рады запрасіць усіх прыхільнікаў творчасці Васіля Уладзіміравіча на “Быкаўскія дні”, якія пройдуць на яго цудоўным лецішчы ў фармаце літаратурна-мастацкага пленэру.

Што такое літаратурны пленэр? Як і ў выяўленчым мастацтве, гэта творчая праца з навакольным светам на адкрытай прасторы. Сутнасць – пабачыць мастацкую гісторыю ў паўсядзённасці, адшукаць персанажаў сярод знаёмых ці выпадковых мінакоў, стварыць тэксты і напоўніць іх уласнай інтанацыяй і… проста радавацца момантам свабоднай творчасці.

Вынікам жа калектыўнай стваральнай працы стане эксклюзіўная рукатворная арт-кніга “Народзіны пісьменніка” – з вокладкай ды ілюстрацыямі. Назва кнігі мае падвоены сэнс: па-першае, маецца на ўвазе нараджэнне ўдзельнікаў літаратурнага пленэру як пісьменнікаў, а па-другое, выданне стане сімвалічным падарункам славутаму земляку з нагоды яго дня нараджэння. А натхняльнікам і настаўнікам у гэтай незвычайнай справе будзе сам Васіль Быкаў: наведвальнікі пазнаёмяцца з яго парадамі пачынаючым пісьменнікам і таямніцамі задумаў напісання яго твораў, такіх як “На сцяжыне жыцця”, “Мёртвым не баліць”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Жураўліны крык”, “Альпійская балада” ды інш.

Па завяршэнні пленэру арт-альбом зойме годнае месца ў экспазіцыі Музея-дачы Васіля Быкава, магчыма, паклаўшы пачын новай традацыі.

Дадатковае натхненне і імпульс да творчасці госці музея-дачы змогуць атрымаць ў галерэі архіўных фотаздымкаў вядомага беларускага фотамастака Яўгена Коктыша, спецыяльна адабраныя да гэтых дзён з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Цудоўныя мастацкія фотакарткі – своеасаблівая бліц-хроніка жыцця і творчасці Васіля Быкава.

Ну і, вядома, імпрэза не абыйдзецца без гарбаты на свежым паветры.

Шчыра запрашаем усіх жадаючых, незалежна ад узросту, у Музей-дачу Васіля Быкава па адрасе: Мінская вобласць, Мінскі раён, а/г Ждановічы, вул. Дачная, 62.

Пачатак імпрэзы 19 чэрвеня 2022 г. у 14:00.

22 чэрвеня працягваем тварыць з 12:00 да 18:00.

Праезд: ад станцыі метро “Пушкінская” да прыпынку “Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы”:

  • аўтобус № 219 (11:46, 12:51, 14:47, 16:43; субота–нядзеля: 12:51, 16:43)
  • аўтобус № 419 (13:50, 15:22)
  • маршрутка № 1419 (11:05, 13:35, 14:45, 15:35, 16:35)

Кантактны тэлефон: +375 (29) 811-21-85.

Close Menu