У Музеі-дачы Васіля Быкава, што знаходзіцца ў Ждановічах, працягваюцца “Быкаўскія дні”.
Сёння тут панавала атмасфера творчасці і арт-тэрапіі. У двары лецішча народнага пісьменніка праходзіў пленэр інсітнага мастацтва з сімвалічнай назвай “Васільковы”. Удзельнікі распісвалі торбы-шоперы ў тэхніцы беларускіх маляванак. Самымі папулярнымі сюжэтамі сталі кветкі-васількі і, канешне, сам шаноўны Васіль Уладзіміравіч.
Кіравала працэсам мастачка, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, куратар Музея-дачы Васіля Быкава Ірына Князева.
Неўзабаве стылёвыя торбы з выявамі славутага пісьменніка ўпрыгожаць сталічныя вуліцы.