Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Строі з дэфіле ад 20.08.25. Фота і апісанні. Частка 1

Каб расфарбаваць яркімі колерамі самы сумны і змрочны месяц восені, пачынаем штотыдзень публікаваць фотаздымкі строяў з дэфіле якое праходзіла 20 жніўня ў нашым музеі. Аўтар цудоўных здымкаў – Дар’я Сапранецкая.

Полацкі строй. Аўтар – Аляксандра Мятлеўская.

Камплект складаецца з досыць архаічнай па кроі кашулі з прамым рукавом без манжэтаў і паяса, тканага на бярдо, якія з’яўляюцца копіямі з аўтэнтычных музейных экспанатаў, а таксама простага, сціпла дэкараванага фартуха і спадніцы ў клетку, характэрнай для поўначы Беларусі. У якасці дапаўнення на мадэлі – друкаваная баваўняная хуста, якія былі шырока распаўсюджаныя ва ўсходніх рэгіёнах краіны і аўтэнтычныя бурштынавыя пацеркі.

Лепельскі строй. Аўтар – Аляксандра Вардомская.

Кашуля і фартух выкананыя самой мадэллю паводле аўтэнтычных прадметаў з Лепельшчыны, спадніца – з Дубровенскага раёна в. Станіславова (на Віцебшчыне былі ў свой час шырока распаўсюджаныя кубавая набіванка і тэкстыль колеру індыга). Гарсэт – паводле экспаната з Вушаччыны.

Аршанскі строй. Аўтар – Марына Варановіч.

Камплект складаецца з кашулі, вышытай крыжыкам (створаная паводле аўтэнтычнага прыкладу з Аршанскага раёна), льняных нагавіц, скураных ботаў і плеценага пояса. Такая тэхніка стварэння паясоў часта сустракаецца ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях.

Мсціслаўскі жаночы строй. Аўтар – Наталля Ярмалінская, саян – Аляксандра Мятлеўская.

На мадэлі мы бачым яшчэ адзін варыянт мсціслаўскага строя з вышытай крыжыкам кашуляй, фартухом з фальбонкай і саяном. Кашуля ўпрыгожаная так званымі мясцовымі “капейкамі” – чырвонымі і чорнымі ромбамі на стыку пляча і рукава. Дэталі – чырвоная друкаваная хуста, скураныя пасталы на нагах і “кішэнька” (запазычанне).

Мсціслаўскі жаночы строй. Аўтар – Наталля Ярмалінская, саян – Аляксандра Мятлеўская.

На мадэлі мы бачым яшчэ адзін варыянт мсціслаўскага строя з вышытай крыжыкам кашуляй, фартухом з фальбонкай і саяном. Кашуля ўпрыгожаная так званымі мясцовымі “капейкамі” – чырвонымі і чорнымі ромбамі на стыку пляча і рукава. Дэталі – чырвоная друкаваная хуста, скураныя пасталы на нагах і “кішэнька” (запазычанне).

Слуцкі строй. Аўтар – Лізавета Карзюк.

Камплект складаецца з кашулі, вышытай процягам паводле аўтэнтычнага экспаната, характэрнага для гэтага строю простага белага фартуха, аздобленага карункамі шыдэлкам, тыповага па кроі кабата з друкаванай баваўнянай тканіны і яскравага паласатага андарака, тканага самой мадэллю. З упрыгожванняў – апранутая адмысловым чынам па-мясцоваму хустка-шаліноўка, аўтэнтычныя завушнцы – “лунніцы” і круглая падвеска-абразок на стужцы.

Слуцкі строй. Аўтар – Ірына Хоціна.

Яшчэ адзін варыянт камплектацыі слуцкага строя, які складаецца з белай кашулі і фартуха, аздобленага карункамі і застрочкамі, сіняга кабата з жакардавай тканіны, клятчастага андарака і апранутай па-мясцоваму вялікай ваўнянай хусты. Паяс – ткацтва на бярдзе.

Слуцкі строй. Аўтар – Аляксандра Мятлеўская.

Трэці варыянт слуцкага строя, тут мы бачым капійную кашулю, вышытую адмысловай тэхнікай – “насцілам”, характэрнай для некаторых паўднёвых раёнаў Мінскай вобласці. Таксама на мадэлі – характэрны кабат, спадніца ў клетку, пашытая з аўтэнтынай тканіны і аўтэнтычныя каралі двух відаў. Фартух выкананы з друкаванай фабрычнай тканіны з прынтом у старым стылі.

Слуцкі мужчынскі строй. Аўтар – Аляксандра Мятлеўская.

На мадэлі – кашуля з шырокай манішкай, вышытая крыжыкам паводле аўтэнтычнага прыкладу, шэрыя камізэлька і нагавіцы, а таксама тканы на бярдзе пояс і скураныя боты.

Кіраўскі дзіцячы строй. Аўтар – Аляксандра Мятлеўская.

На дзяўчынцы апранутая капійная кашуля з Кіраўскага раёна, спаднічка традыцыйнага крою і пацеркі. Часта маленькія дзяўчаткі маглі ўвогуле быць не толькі без фартушка, але і без спаднічкі, толькі ў кашулі з паясочкам. Нашая ж прыгажунька нарадзілася на дэфіле нават у пацеркі.

Close Menu