Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

«Асабістая справа» Зінаіды Бандарынай і іншыя матэрыялы да біяграфіі

Матэрыял:

http://www.zviazda.by/be/news/20200115/1579109734-asabistaya-sprava-zinaidy-bandarynay-i-inshyya-materyyaly-da-biyagrafii?fbclid=IwAR04CGxFFGHdH-JSybbQuPMWFDZ8DR2dZj5_Da5ookLbX2qIK2yq_drxk9s

 

На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»

«Асабістая справа» Зінаіды Бандарынай і іншыя матэрыялы да біяграфіі

Пра Зінаіду Бандарыну калісьці пісалі, напэўна, больш, чым пра іншых паэтак «Маладняка», і яна адзіная з іх здолела выдаць асабістую паэтычную кнігу («Веснацвет», 1931), на якую адгукнуўся нават часопіс «Узвышша». А Максім Гарэцкі яшчэ ў 1928 годзе ў кнізе «Маладняк» за пяць гадоў» назваў яе ў ліку найлепшых паэтаў і прысвяціў яе творчасці асобны раздзел.

Зінаіда Бандарына, 1940-я гады.

Аднак многія старонкі жыцця і творчасці гэтай паэткі вымагаюць далейшага даследавання, і вельмі важна падчас вывучэння архіўных дакументаў не абмяжоўвацца аўтарскім фондам: верагоднасць цікавых знаходак ёсць пры рабоце з рэдакцыйнымі «агульнымі фондамі» — такімі як фонд газеты «ЛіМ» і фонд выдавецтва «Мастацкая літаратура». У фондзе № 12 «Рэдакцыя газеты «Літаратура і мастацтва» Саюза беларускіх пісьменнікаў» захоўваецца асабістая справа Зінаіды Бандарынай, распачатая 25 верасня 1954 года. На тэчцы ёсць пазнака: «На 7 листах, хранить 75 лет». Такім чынам, дата пачатку працы Зінаіды Бандарынай у ЛіМе дакладна вядомая. І не толькі гэтая дата: у лістку па ўліку кадраў Бандарына ўказвае, прынамсі, гады ўсёй сваёй працоўнай дзейнасці.

У справу ўваходзяць наступныя дакументы:

1. Заява аб прыёме на работу без даты (думаецца, датай можна лічыць 25 верасня 1954 года, дзень прыёму на працу).
2. Заява аб звальненні, датаваная 19 сакавіка 1956 года: «Прашу вызваліць мяне з работы ў рэдакцыі па стане здароўя (нервовае захворванне)». Накладзена рэзалюцыя: «Вызваліць з 20.ІІІ.56 г.».
3. Аўтабіяграфія на рускай мове (3 рукапісныя старонкі). Без даты.

Автобиография

Бандарина Зинаида Александровна родилась в 1909 г. (в) г. Гродно, в семье педагогов. Во время I-ой импер[иалистической] войны отца призвали в армию, был офицером. В гражд[анскую] войну он был командиром Кр[асной] Армии.

Примерно с 1918 года мы оседло стали жить в Минске (до этого жили в Двинске, Москве, Иваново, кочевали вместе с отцом по прифронтовой полосе). В 16 лет я начала работать — заведовала детсадом в п-ке Койданово. Окончив Белпедтехникум, по командировке Наркомпроса РСФСР, работала учительницей в поселке Медяково Куминского р-на, Барабинского округа. Писала стихи. Стала печататься с 1926 г. Вышли сборники «Вершы» (коллективный), «Веснацвет». Много печаталась в периодике. В Медяково заболела туберкулезом, вернувшись в Минск, некоторое время была на временной инвалидности. Когда поправилась, уехала в Гомель, там работала секретарем литер[атурного] объед[инения] «Молодняк», в редакции «Полесская правда» заведовала лит[ературным] отделом. Там провинилась (не поверила в контр-революц[ионность] некоторых белор[усских] писателей. По моей вине материал о них был напечатан с опозданием). На исправление меня взяли в качестве секретаря отдела печати в ЦК КПбБ. Там работала примерно полгода. В 1929 г. была командирована в г. Москву в институт кинематографии. Окончила. Работала в Витебском кинотехникуме, заведовала лит[ературным] сцен[арным] отделением. Некоторое время в дет[ском] Отделе Радио Комитета, вместе с В. Ф. Луцевич и Я. Мавром. В то время написала две детские сказки в стихах. Жюри конкурса рекомендовало их к печати. Вскоре меня командировали в аспирантуру — Ленинград, Академия Искусствоведения, три года занималась в аспирантуре. В свободное время писала. Сотрудничала с критич[ескими] статьями и рецензиями в «Литер[атурном] Ленинграде», «Киногазете». По рекомендации кафедры была включена в план Госкиноиздата моя диссертац[ионная] работа «Драматургия Натана Зархи». В это же время в Белгосиздате потеряли мой новый сборник стихов принятый к печати, пропали бесследно и сказки.

После окончания аспирантуры я работала на Союздетфильме в Москве. Жила на частной квартире, очень уставала ее менять (надолго сдать боялись). В это время по договору с Ц.Д.Х.В.д. (центр[альный] дом худож[ественного] воспит[ания] детей) написала литер[атурный] очерк «Детские годы В. В. Маяковского», он был принят и размножен. Из-за бесквартирья на время уехала из Москвы. Работала в Архангельском театре юного зрителя, потом на Северном Кавказе в Грозном. В этом городе в 1939 году вышла замуж за чтеца Николая Константиновича Андреева. Вместе с ним в конце 1940 года вернулась на его родину в Москву. В Москве довольно много печаталась в периодике. Стала писать на русск[ом] языке, был напечатан мой рассказ в «Работнице», передавались радиопьесы для детей. Готовила к печати «Драматургию Н. Зархи» по договору с Госкиноиздатом. В начале Отечеств[енной] и я и муж ушли на фронт. В марте 1942 г. меня за самоотверженность в боях командир полка представил к ордену Ленина. Но орден я не получила, т. к. выбыла в госпиталь, оттуда в резерв, из резерва в новую часть. В марте 43 года в связи с рождением сына демобилизовалась. В течении года жила литературным трудом, имела договор со сценарной студией кинокомитета на литер[атурный] материал «Панфиловцы», из-за болезни сына решила на время уехать из Москвы. Предложили в ВРК (там много лет сотрудничала) на выбор Ригу, Таллин, Минск. Захотелось на родину. Приехала в Минск [март 1945] в качестве спецкора дет[ского] вещания с письмом от т. Михайлова. Долгое время жила в общежитии ЦК ЛКСМБ. По совместительству работала в журнале «Бярозка».

По договору с изд-вом составила сб[орн]ик поэм З. Бядули. Вернулся муж, который считался погибшим, перевёз меня и сына в Гродно, это в начале 1946 года. Сам он уехал на гастроли, с тех пор уже не появлялся. Я работала директором Дома Народ[ного] Творчества, была членом правления Гродн[енского] Лит[ературного] объед-ия. Все поcледующие годы тоже растила сына, работала, досуг отдавала и отдаю литер[ному] творчеству. За последние годы составила сборник худож[ественной] самод[еятельно]сти «Школьная эстрада». Написалась повесть «Дипломная работа», перев[ела] на бел[орусский] язык «Рассказы о Пакистане» Н. Тихонова.

З. Бандарина

4. Асабісты лісток па ўліку кадраў.

Яшчэ адзін цікавы дакумент часу, асабліва звяртае на сябе ўвагу графа «Были ли колебания в проведении политики партии и участвовал ли в оппозициях (каких, когда)». Адказ «Не было». Утрымлівае шмат карысных біяграфічных звестак, прынамсі, аб месцах вучобы і працы. Такім чынам, можна выправіць распаўсюджаную памылку ў біяграфіі Бандарынай наконт працы ў Горкім, бо насамрэч яна працавала ў Грозным. У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца пасведчанне на імя З. Бандарынай, выдадзенае Дзяржаўным Тэатрам юнага гледача ЧІАССР імя 20-годдзя ВЛКСМ.

Думаецца, гэтай справай карыстаўся Станіслаў Шушкевіч, аўтар некалькіх артыкулаў пра жыццё і творчасць Зінаіды Бандарынай, бо ў яго нататках сустракаюцца выпіскі, датычныя біяграфіі паэткі, якія супадаюць з дадзенымі асабістага лістка па ўліку кадраў. Уяўляюць каштоўнасць і адрасы родных Зінаіды Бандарынай: запісаныя Шушкевічам, яны захоўваюцца ў яго фондзе.

Краязнаўца з Гродна Алесь Госцеў у кнізе «Известные уроженцы Гродненской области» (2016) прысвяціў некалькі старонак развагам на тэму маленькай розніцы ў датах нараджэння Вадзіма і Зінаіды Бандарыных, брата і сястры, і выказаў думку, што адказ можа быць знойдзены ў асабістых справах. Аднак у лістку па ўліку кадраў Бандарына ўказвае дату 11/ХІ 1909, а не звыклыя для нас 11.10.1909, то-бок памыляецца на адзін месяц, але гэта нічога істотна не мяняе. Тым не менш у «Автобиографической повести», якая таксама захоўваецца ў БДАМЛіМ і пра якую пісалася раней, Зінаіда Бандарына распавядае наступнае: «Спор идет даже о моем возрасте. Папа склонен прибавлять всем года и считает датой моего рождения 1909 год. Мать утверждает, что родилась я глубокой осенью в 1911 году, по паспорту, якобы от того, что не хватало лет для поступления в техникум, а затем и для замужества она вынуждена была прибавить мне два года. Конечно, как каждой женщине, а я всё-таки женщина, когда ей стукнет 47 лет, хочется верить в мамину правду. Согласно этой правде я родилась на Нёмане в городе Гродно… Мать моя работала в училище, отец был подпоручиком…». Але тут узнікае шэраг пытанняў. Як мінумум, пра якое замуства можа ісці гаворка (калі аповесць лічыць сапраўды аўтабіяграфічнай)?

 

Вокладка кнігі Зінаіды Бандарынай «Веснацвет» (1931).

У сувязі са згадкамі ў аўтабіяграфіі выклікае цікавасць праца Бандарынай ў гомельскай «Палескай праўдзе». У лісце (захоўваецца ў фондзе Л. Бэндэ) да Паўлюка Труса, які ў 1927—1928 гадах працаваў там загадчыкам беларускага аддзела і, такім чынам, быў там яе папярэднікам, паэтка пісала: «Зусім неўзнарок папалася ў рэдакцыю; ведаеш, прыехалі ў Гомель позна — месцаў добрых у школу няма, вось і ўхапілася за саломінку. Зараз крыху і шкадую, але нічога не зробіш. Праца, бадай, табе знаёма, вось толькі на ліха падсунулі літстаронку, ды з філіяй і «ПАППаў» (Палескае аддзяленне пралетарскіх пісьменнікаў — А. Д.) (бачыш, так мудра, што і напісаць не змагу) валэндаюся… Нашы жанчыны-супрацоўніцы са мной у контрах». І яшчэ адна загадка – на адваротным баку напісана: «Пажадана каб вы прыехалі 11 кастрычніка, бо я буду святкаваць сваё 20-годдзе (совершеннолетие). Дык прыязжайце ж!». Ліст без даты, але гаворка не можа ісці пра кастрычнік 1929 года…

Мы праглядзелі газету «Палеская праўда» за 1928-1929 гады з дзвюма мэтамі. Першая — выявіць магчымыя публікацыі Зінаіды Бандарынай (паколькі ў біябібліяграфічным слоўніку 1985 года звесткі аб публікацыях у гэтай газеце адсутнічаюць), другая — зразумець, што ж такога нарабіла паэтка, у чым яе віна. Першая публікацыя Бандарынай у «Палескай праўдзе» датуецца 16 верасня 1928 года, апошняя — канцом 1928-га. За гэты час выйшлі дзве «Старонкі «Маладняка». Дарэчы, пад адным з вершаў, які ўвайшоў у зборнік «Веснацвет», — «***Забліскалі зоры трывожна» — пазначана: «Гомель. Верасень 1928».

Такім чынам, выяўлены наступныя публікацыі Зінаіды Бандарынай у газеце «Палеская праўда»:

1. «Маладосць» («Ветрык, ці быў ты калісь маладым…»), № 216, 16 верасня 1928 г., старонка «Рабочий досуг»; на гэтай старонцы ў раздзеле «Літаратурная хроніка» чытаем: «У нядзелю 9 верасня ў па-мяшканні дома Асветы адбыўся сход філіі «Маладняк» сумесна з Гомельскай асацыяцыяй Вапу. Парадак дню: 1) арганізацыйнае пытанне аб перавыбарах бюро, выпрацоўцы плану для будучай працы; 2) Чытка твораў. Па першаму пытанню ўхвалілі скласці арганізацыйнае бюро ў складзе: т. Ярмакова, Сабаленкі і З. Бандарынай…». Ніжэй, пад загалоўкам «Гомельская філія «Маладняк», напісана наступнае: «У Гомельскую філію «Маладняк» прыбылі т. т. Губарэвіч (Магілёў) і Бандарына З. (Менск). Будуць зроблены захады да арганізацыі літаратурных гурткоў пры рабочых прадпрыемствах з мэтай шырокага азнаямлення рабочай моладзі з беларускай літаратурай. Акрамя гэтага філія мысліць наладзіць выезды на раён — для сувязі з сялянскай працоўнай моладзю».

2. «Будучыня — наша» / верш, № 222, 23 верасня 1928 г., старонка «Рабочий досуг»; на гэтай старонцы падавалася і інфармацыя пра літаратурны вечар у раздзеле «Літаратурная хроніка» — «У Гомельскай філіі «Маладняк» і асацыяцыі ПАПП»: «У суботу 22 верасня сябры Гомельскай філіі «Маладняк» З. Бандарына, Сабаленка і Добкін наладжваюць літаратурны вечар у в. Чырвоная Наспа, Буда-Кашалёўскага раёну. На наступным тыдні на сходзе сяброў «Маладняка» і ПАПП будзе зроблены даклад на тэму «Літаратура ў Марксыцкай крытыцы», дакладчык З. Бандарына і К. Губарэвіч».

3. «Да новага заўтра» / верш, № 253, 30 кастрычніка 1928 г., «Старонка «Маладняка»; акрамя таго, пяру Зінаіды Бандарынай належыць і артыкул
4. «Маладняк» і яго месца ў беларускай літаратуры», размешчаны на гэтай самай старонцы крыху ніжэй.
5. «Да 11-й гадавіны кастрычніка» / верш, № 259, 7 лістапада 1928 г.;
6. «З васенніх мелодый» / верш, «Старонка «Маладняка», № 278, 2 снежня 1928 г.;
7. «Прывітанне (Б.Д.Т.2)» / верш, № 279, 4 снежня 1928 г.;

8. «Жанаддзелу Беларусі» / верш, № 284, 9 снежня 1928 г., старонка прысвечана 10-годдзю жанаддзела.
9. «Камсамол Беларусі» / верш, № 290, 16 снежня 1928 г. і ўнізе нататка
10. «Гомельскі БелАпп камсамолу».

У № 283 ад 8 снежня 1928 года быў апублікаваны артыкул «Антыпартыйнае выступленне группы беларускіх пісьменнікаў (Ад нашага менскага спэцкора)», падпісаны М. К. У артыкуле ідзе гаворка аб вядомым «лісце трох», які літаральна за некалькі дзён да гэтага быў апублікаваны ў «Савецкай Беларусі» (4 снежня 1928 г.), згадваюцца і іншыя публікацыі, у прыватнасці, Дудара (Падрабязна пра тыя падзеі можна прачытаць у кнізе Міхнюк У. М. Арыштаваць у высылцы: дакументальны нарыс пра Алеся Дудара), абараняюцца поспехі беларусізацыі ў БДУ.

У № 284 ад 9 снежня друкуецца артыкул Зінаіды Бандарынай «Узмацнім беларусізацыю ня толькі словам, але і справай: На шляхох беларусізацыі», які можна лічыць водгукам на ранейшую публікацыю. У артыкуле распавядаецца аб праблемах з беларусізацыяй у розных раёнах Гомельскай вобласці і ў самім Гомелі, закранаюцца пытанні тэатральных пастановак, у прыватнасці БДТ-2. Адзначаюцца як недахопы, так і некаторыя дасягненні. «Канчаючы свой невялічкі артыкул мне хочацца яшчэ раз прыгадаць таварышом аб тых няўхільных, нязменных задачах, якія ставіць перад намі партыя і савецкая ўлада пры правядзенні нац. палітыкі і наогул і ў нашых умовах беларусізацыі». Пад артыкулам Зінаіды Бандарынай надрукаваны тэкст «Што і хто зрывае беларусізацыю», падпісаны Паўлюком Волатам, і нататка «Беларусізацыя Чырвонай Арміі», падпісаны Паўлюком Волатам, і нататка «Беларусізацыя Чырвонай Арміі», падпісаны К. Яр., таксама ў падтрымку беларусізацыі.

 

Зінаіда Бандарына з сям’ёй. Злева направа: брат Вадзім Аляксандравіч, сын Косця, маці Таісія Аляксееўна, бацька Аляксандр Фёдаравіч. Канец 1940-х гадоў.

Наступны артыкул Зінаіды Бандарынай «Адказ на злыя чуткі» з’явіўся ў газеце № 288 ад 14 снежня: «Зараз да мяне даходзяць чуткі, што некаторыя таварышы, грунтуючыся на артыкуле «На шляхох беларусізацыі»… хочуць прывесіць мне цетлік з назвай беларускай шовіністкі і прыхільнасці да поглядаў Тодара Глыбоцкага». І далей яна называе артыкул, за які ёй давялося пацярпець: «Абвінавачанне грунтуецца яшчэ на тым, што я адмовілася перакладаць на беларускую мову артыкул Менскага спэцкора пад назвай «Антыпартыйныя выступленні беларускіх пісьменнікаў». Гэты артыкул я не перакладала таму, што была занятая тэрміновай падрыхтоўкай матар’ялаў да 10-годдзя жанадзелу Беларусі… З назвай артыкула таксама была ня згодна…».

А побач, на той самай старонцы, — аператыўна звярстаны каментарый «Не «злые слухи», а действительность (ответ на письмо З. Бандариной)» без подпісу, дзе называецца несур’ёзным тое, што паэтка адмовілася перакладаць артыкул, бо была занятая: «На самом деле было не так. Тов. Бандарина демонстративно отказалась от перевода статьи, несмотря на двукратное предложение редакции. А отказалась потому, что была не согласна со статьёй… И не случайным является упорное молчание Бандариной в вопросе об оценке рассказа Ал. Дудара «Ветер с Востока», в оценке выступлений А. Дудара, Зарецкого, Александровича. Это молчание – есть солидаризирование с ними…» (Не «злые слухи», а действительность. Звяртаецца ўвага і на тое, што артыкул «Узмацнім беларусізацыю…» быў напісаны Бандарынай не па добрай волі, а пасля настойлівых просьбаў выказаць сваё меркаванне.

Апафеозам гэтай гісторыі стаў артыкул зноў жа без подпісу «За што Бандарына выключана з камсамолу» ў № 294 ад 21 снежня: «18 снежня на пасяджэнні бюро Гомельскага акругкому ЛКСМБ разглядалася справа З. Бандарынай… Бандарына зусім недвусэнсоўна выказала сваю салідарнасць з антыпартыйным выступленнем трох беларускіх пісьменнікаў з лістом у газ. «Савецкая Беларусь», пры чым гэту сваю салідарнасць даказала на справе, дэманстратыўна адмаўляючыся перакласці на белмову атрыманую рэдакцыяй інфармацыю аб гэтым выступленні». Далей гаворка ідзе пра тое, што Бандарына лічыла патрэбным адзначыць юбілей Цішкі Гартнага, «не ўказваючы на тыя памылкі, якія дапусціў Цішка Гартны (Дз. Жылуновіч) у апошні час, падтрымаўшы нацыянал-дэмакратычн. тэндэнцыі Т. Глыбоцкага». І – ўвага! – «У З. Бандарынай ёсць наогул шкодная думка, што пісьменніка мы павінны разглядаць толькі па яго творчасці, бяз сувязі з яго грамадскай чыннасцю».

На згаданым пасяджэнні Бандарына не толькі абараняла сваю пазіцыю. Больш за тое: «Калі ў некаторых выступленнях таварышоў на бюро рэзка асуджваліся яе памылкі, дык яна тут жа на пасяджэнні падае заяву аб тым, што «з гэтага дню прашу мяне лічыць выбыўшай з камсамолу». Гэты агідны «жэст» быў зусім нават і непатрэбны. Бюро акругкому аднагалосна выключыла яе з камсамолу, адначасова выказалася за сняцце яе з працы ў рэдакцыі і філіі Белаппу».

Відавочна і на шчасце, «выключэнне» з камсамола ўсё ж такі, думаецца, не мела сур’ёзных наступстваў для паэткі, раз яе ўзялі на выпраўленне «в качестве секретаря отдела печати в ЦК КПбБ» (гл. аўтабіяграфію). Магчыма, на больш высокім узроўні выключэнне не было зацверджана. Так ці інакш, гэтыя падзеі характарызуюць Зінаіду Бандарыну як сумленнага чалавека, які меў смеласць адстойваць уласныя меркаванні.

Яшчэ адзін цікавы матэрыял, датычны Бандарынай, мы знайшлі ў фондзе № 120, дзе захоўваюцца дакументы выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сярод іх і ўнутраная рэцэнзія на зборнік Бандарынай «Выбраныя вершы», напісаная Аляксеем Зарыцкім. Машынапіс зборніка датуецца 1961 годам. Паэтка, як вядома, памерла 16 красавіка 1959 года. Магчыма, зборнік быў укладзены яе бацькамі ці старэйшым братам Вадзімам. Хутчэй за ўсё, у выдавецтва ён і паступіў у 1961 годзе, бо на рэцэнзіі рукой тагачаснага дырэктара выдавецтва «Беларусь» З. Матузава пазначана: «З. Матузаў 15/ІІІ-62 г.». Нельга сказаць, што рэцэнзент выяўляў пэўную прадузятасць. Праблема ў самім падыходзе — калі перавага аддаецца бадзёрасці і аптымізму: «…Са зборніка трэба зняць многія вершы, асабліва з ліку тых, што былі напісаны паэтэсай у апошнія гады яе жыцця, калі Бандарына з прычыны працяглай хваробы знаходзілася ў стане душэўнай дэпрэсіі…». Такое ўражанне, што аўтар, у свой час актыўны ўдзельнік літаратурнага жыцця, паўтарае словы Э. Галубка з рэцэнзіі на зборнік Бандарынай «Веснацвет», апублікаванай у 1931 годзе ў часопісе «Узвышша»: «Пры азнаямленні з матар’ялам зборніка… можна адзначыць, што пісьменніца не адыходзіць ад апявання нуды і смутку, а імкнецца гэтыя матывы яшчэ больш паглыбляць і ў свой зборнік уключае без усялякіх змен вершы… якія вызначаліся выразна выяўленымі настроямі смутку і дэпрэсіі», не зважаючы на тое, што прамінула трыццаць гадоў.

 

Зінаіда Бандарына з Верай Ніжанкоўскай у лесе пад Радашковічамі, 1950-я гады.

Адзначым, што аўтар рэцэнзіі прапануе ўключыць вершы «Шэптам дзіўным» і «Будучыня — наша», якія ўвайшлі ў анталогію беларускай паэзіі 1963 года, «бо яны належаць да лепшых твораў паэтэсы».

Рэцэнзія на зборнік Зінаіды Бандарынай «Выбраныя вершы»

Зінаіда Бандарына прайшла вялікі жыццёвы шлях. У канцы 20-х гадоў яна дабраахвотна едзе ў Сібір, каб працаваць настаўніцай у сібірскай вёсцы, дзе жывуць перасяленцы з Беларусі, а ў час Вялікай Айчыннай вайны ідзе дабраахвотна на фронт. Там яна санінструктар у славутай дывізіі генерала Панфілава. Зінаіда Бандарына была вельмі мужным і шчырым чалавекам і ў суровыя часы выпрабаванняў заўсёды была на пярэднім краі і хочацца, вядома, каб зборнік яе выбраных вершаў выйшаў у свет.

Я некалькі разоў уважліва перачытаў гэту кніжку, дзе сабрана каля 3000 радкоў, напісаных Бандарынай у час паміж 1926 і 1954 [выпраўлена на 1958] гг. і ў мяне склалася думка, што лепшыя творы паэтэсы аб сабе і сваіх сучасніках, таварышах па працы і змаганню, вартыя таго, каб іх выдаць. Аднак са зборніка трэба зняць многія вершы, асабліва з ліку тых, што былі напісаны паэтэсай у апошнія гады яе жыцця, калі Бандарына з прычыны працяглай хваробы знаходзілася ў стане душэўнай дэпрэсіі. У вершах гэтага часу многа сумбурнага і хаатычнага. У іх гаворыцца аб няўдалым каханні, адзіноце, безнадзейным смутку, блізкай смерці. Такія рэчы ўключаць у зборнік, вядома, нельга.

Вершы, вартыя таго, каб іх выдаць, трэба яшчэ адрэдагаваць як след. Справа ў тым, што Зінаіда Бандарына часта нядбала ставілася да вершаванай формы, да мовы, і ў яе лепшых творах нярэдка сустракаюцца нязграбныя і непатрэбныя строфы, якія, на маю думку, уважлівы рэдактар павінен выкрасліць. Калі будуць адкінуты шматлікія слабыя творы і добра адрэдагаваны лепшыя, то атрымаецца невялікі зборнік, які будзе мець права на выхад у свет.

Пераходжу да заўваг па асобных творах.

У вершы «У школе» раю адкінуць апошнюю страфу: яна вельмі слабая.

Вершаванае апавяданне «На новым месцы», у якім расказваецца аб жыцці перасяленцаў з Беларусі ў Сібіры, вельмі расцягненае і месцамі наіўнае. Думаю, што калі скараціць гэтую рэч, дарэдагаваць удумліва, дык можна будзе яе выратаваць. Рэч цікавая сваёй тэмай, амаль некранутай у нашай літаратуры. «Сем братоў» і «Перамога» таксама патрабуюць значнага скарачэння і вельмі ўдумлівага рэдагавання.

У вершы «Далёкіх дзён, бы казку сон» раю адкінуць першую страфу: яна непісьменная і непатрэбная.

Верш «Перад боем» канчаецца радком «Ідучы ў бой я ціха напявала», астатнія радкі лішнія.

У вершы «Жнівень» раю пакінуць толькі дзве першыя страфы і апошнюю. Таксама лішняя і 3-я страфа верша «Жывыя ў палон не здаюцца».

Толькі адну другую страфу варта, на маю думку, пакінуць у вершы «Пад калінай», бо ўсе астатнія паўтараюць яе.

Першую і апошнюю страфу трэба выкрасліць з верша «Верабей пры акне загайдаўся», а з верша «Сыну» — шостую, сёмую і восьмую страфу.

У зборнік чамусьці не ўключаны вершы Бандарынай «Шэптам дзіўным» і «Будучыня — наша», якія надрукаваны ў анталогіі беларускай паэзіі. Раю ўключыць іх у кніжку, бо яны належаць да лепшых твораў паэтэсы.

Пералічаю вершы, якія, на маю думку, немагчыма ўключаць у зборнік з прычыны іх мастацкай слабасці, а таксама і таму, што многія з іх пранізаны матывамі смутку і адзіноты: «Дзіўлюся я», «Мары і белыя ружы», «Над возерам», «Адцвітанне», «Маладосць», «Не дакарай мяне мінулым», «Апошняя вясна», «З франтавога дзённіка», «Жонцы загінуўшага друга», «Зварот бацькі з фронту», «У садзе вясной», «Сцяблінка танюткая просіць дажджа», «Ноч чорным бархатам ахутала зямлю», «Г. Р. Шырме», «Сцюдзёны вецер наляцеў», «Радзіма», «У Вязынцы», «Памяці М. І. Якуцік», «За домам, за нашым», «Тры чмялі на астру наляцелі», «Не стамлюся цябе я чакаць і чакаць», «Вясна ідзе», «Можа ў лесе спагада і ласка твая», «Вітаючы жыццё», «Мне снілася», «Зноў лес шуміць», «Ты з жывымі, як жывы жыві», «Усё праходзіць», «Мне здалося ўчора, што гэта твой сын», «Навальніца грукоча», «Ці ж я мукі табе несла», «Вярбы каточкі ў сінім небе», «Я васількі ў верасні збіраю», «З пакою душнага на свежае паветра», «Усё жыццё», «Занадта многа нагадала мне пісьмо», «Я ляцела ў прасторы далёкія», «Твой зямны паклон у лістападзе», «Ты кажаш, што вэрхал», «Большага цуда не трэба», «За ваколіцай пяшчаныя дарогі», «Яно збылося, тое шчасце», «Родны, з табою поплеч», «Можа я прыдумала такога», «Я галасую», «Нам новы мост сустрэўся», «Траціць лета сваю красу», «Не заву, не клічу я цябе», «Сыну», «Я рада», «Бярозка з вярбою», «Калі пачую», «Абмытыя дажджом», «Па знаёмай лыжні пабягу», «Мой ясны сокал», «Лясная сцяжынка», «Я веру», «Не шукаць мне ў ціхай гавані прыстанку», «У навальніцах і бурах», «Не ведаю», «Яна непазбежная, як навальніца», «Даспявае жыта», «Імчыцца поезд», «Ліст неспадзявана ўскалыхнуў», «Лісце падае жоўтае, смутнае», «Двух сыноў забіралі ў дзетдом», «Глебаю пабітаю на скважыны», «Шалёным ліўнем хмары нас прынеслі». «Ад няўдач хваробы і галечы».

Аляксей Зарыцкі (ад рукі)

Такім чынам, з амаль 130 вершаў, якія складалі змест кнігі, рэцэнзент прапаноўвае выкінуць 69, то-бок больш за палову! Зноў жа, пакуль застаецца толькі здагадвацца, хто павінен быў (мог) рэдагаваць зборнік паэткі. На жаль, у тых пратаколах пасяджэнняў выдавецтва, якія захоўваюцца ў БДАМЛіМ, няма згадак аб кнізе Бандарынай. Паколькі машынапіс зборніка захоўваецца ў фондзе паэткі, то, хутчэй за ўсё, яго вярнулі яе бацькам ці брату. Нагадаем, што зборнік так і не выйшаў, але добра, што захаваўся машынапіс разам са зместам і эпіграфамі. Варта адзначыць, што некаторыя творы Зінаіды Бандарынай, прысвечаныя сацыялістычнай рэчаіснасці, сапраўды можна пакінуць у тым часе, калі яны былі напісаныя, аднак большасць вершаў з гэтай кнігі – жывыя і балючыя, асабліва тыя, якія рэцэнзент прапанаваў выкінуць – павінны быць вядомыя беларускаму чытачу. І, будзем спадзявацца, кніга выбраных вершаў Зінаіды Бандарынай усё ж пабачыць некалі свет.

Аксана ДАНІЛЬЧЫК

Гэты артыкул Аксаны Данільчык і вершы Зінаіды Бандарынай з неапублікаванага зборніка можна знайсці ў «Маладосці» №1 2020 г. (с. 63 –73).

Close Menu