18 верасня Дзень нараджэння беларускага народнага паэта Максіма Танка. І вельмі сімвалічна, што ў фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры патрапілі дакументы, якія звязаны з яго жыццём. Дачка пісьменніка, Ірына Яўгенаўна, перадала шлюбнае пасведчанне бацькоў і пашпарт роднага дзядькі Максіма Танка (Фадзея Фёдаравіча Скурко).

 |
Каханне Максіма Танка і яго жонкі Любові Андрэеўны доўжылася ўсё жыццё. Пазнаёміліся яны ў той час, калі Максім Танк здымаў кватэру ў Вільні ў бацькоў Любові Андрэеўны. У 1940 годзе маладыя ажаніліся ў г. Вілейка. У сям’і народнага паэта нарадзілася трое дзяцей: старэйшы сын Максім і дзяўчаткі-блізняткі Іра і Вера. Сям’я для пісьменніка заўсёды была самым галоўным у жыцці.
Яўген Іванавіч вельмі кахаў сваю жонку і заўсёды ёй дапамагаў у хатніх справах: і посуд мыў, і бульбу чысціў. Яна, у сваю чаргу, была яго галоўным памочнікам на літаратурнай ніве, бо ўсе вершы Максім Танк адразу паказваў ёй. Калі новы верш быў асабліва ўдалы – яго паслухаць збіралася ўся вялікая сям’я Танкаў.
55 год яны пражылі разам і памерлі ў адзін год. Хоць увесь час спрачаліся: кожны хацеў памерці раней. Паэт пражыў пасля каханай некалькі месяцаў і папрасіў, калі ён пойдзе з жыцця, каб іх пахавалі разам. Тэстамент Максіма Танка выканалі. Іх пахавалі разам на роднай Пількаўшчыне. І сёння гэтае пасведчанне – напамін пра вечнае каханне.
|
 |
Скурко Фадзей Фёдаравіч – родны брат бацькі Максіма Танка. Лёс дзядзькі знакамітага паэта склаўся вельмі цікава і незвычайна. Ураджэнец Пількаўшчыны аб’ездіў амаль палову зямнога шара. Ён быў вельмі адукаваным чалавекам, ведаў шмат моў, скончыў вышэйшую ветэрынарную школу ў Чэхаславакіі, працаваў у Германіі, а потым адправіўся ў Аргенціну, дзе пражыў цэлых 10 год! За гэты час змяніў там некалькі прафесій: і таксістам быў, і на заводзе працаваў. Зарабіў шмат грошай і вярнуўся ў родную вёску. Працаваў у калгасе і дапамагаў як ветэрынар.
|