Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Акцыя “Збіраем рарытэты разам” у дзеянні!

 Першая кніга ў межах акцыі “Збіраем рарытэты разам” патрапіла ў фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры!

 Гэта аповесці В.Быкава “Сотнікаў. Абеліск” 1972 г.  Творы, якія змешчаны ў кнізе, прысвечаны барацьбе людзей супраць гітлераўскіх захопнікаў у першыя ваенныя гады на тэрыторыі акупіраванай Беларусі.

 Кнігу ў фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры перадаў Павел Мікалаевіч Сініла. Гісторык-археолаг, які працуе настаўнікам у Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі № 1. Пра Васіля Быкава і яго творчасць малады чалавек кажа так: “Сумленне Нацыі. Глыба. Той, хто стварыў квінтэсенцыю беларуса падчас вайны і пасля яе. Ён ніколі не баяўся пісаць праўду. Быкаў гэта наша ўсё!”

 Дарэчы, “квінтэсенцыя беларуса падчас вайны” яскрава паказана ў аповесці “Сотнікаў” (першапачаткова аўтар даў ёй назву “Ліквідацыя”, аднак савецкая цэнзура забараніла яе і толькі ў 2014 годзе да 90-годдзя пісьменніка аповесць упершыню была выдадзена ў Мінску без цэнзуры пад аўтарскай назвай). Аповесць выйшла ў 1970 годзе ў часопісе “Новый мир” (№ 5), затым — у адзінаццатым нумары часопіса “Полымя”. Твор мае пад сабой рэальныя падзеі. У жніўні 1944 года лейтэнант Васіль Быкаў праязджаў міма румынскага сяла і ўбачыў у групе палонных немцаў чалавека, з якім некалі служыў у адным палку і які з 1943 г. лічыўся забітым. Гэты салдат быў пасмяротна ўдастоены высокай узнагароды за стойкасць, праяўленую ў цяжкім баі на Дняпроўскім пляцдарме. Падчас гутаркі з палонным Быкаў даведаўся, што пасля ранення той трапіў у канцлагер, там — часова, як яму здавалася, — пагадзіўся супрацоўнічаць з уласаўцамі і ўсе гэтыя гады пражыў у чаканні зручнага выпадку, спадзяваўся збегчы. Але нічога не атрымалася, і былы аднапалковец дзень пры дні “угразаў у адступніцтве”. Гэта сустрэча прымусіла будучага пісьменніка задумацца, на што ж здольны чалавек “перад зруйнавальнай сілай нялюдскіх абставінаў”. У лісце да Алеся Адамовіча Васіль Быкаў расказваў пра гэта так:  “Гэта аповесць цалкам выспела ў сапраўдным, нашым часе. Я скурай, нервам адчуў (што зразумелае), што значыць жыць у сітуацыі, калі нічога не можаш, пазбаўлены ўсіх магчымасцей не толькі неяк уплываць на абставіны, жыццё, але і хоць бы з нікчэмнаю доляй на поспех захаваць сваю незалежнасць ад гэтага зласлівага і драпежнага свету. І я пабудаваў падобную мадэль на матэрыяле партызанскай вайны (дакладней, жыцці ў акупацыі), узяў Сотнікава і Рыбака і паказаў, як абодва асуджаны, хоць абодва — палярна процілеглыя людзі, — такая сіла акалічнасцяў. Не скрою, тут задума — ад экзістэнцыялізму, якім я яго ўяўляю”.

Васільева Таццяна

вядучы навуковы супрацоўнік

сектара ўліку фондаў

Close Menu