Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

«Адлюстраванні. «Душа відушчая ў слова…» Радыёблог Галіны Шаблінскай

Матэрыял: https://radio1.by/audio/adlyustravanni-dusha-vidushchaya-slova-radyyeblog-galiny-shablinskay-a-dyye/

Не паспелі мы адсвяткаваць Міжнародны дзень роднай мовы, як надыйшоў дзень народзін паэта, які ўсё сваё жыццё маліўся роднаму беларускаму слову. І гэтая высокая малітва засталася найперш ў яго непаўторнай паэтычнай спадчыне, хаця ён вядомы нам і як цудоўны эсэіст, які таксама, дарэчы, прамаўляў паэзіяй. А які гэта быў перакладчык! Ну хто, скажыце, яшчэ мог бы назваць зборнік перакладзеных ім вершаў паэтаў свету, прысвечаных нашай краіне, такім радком «Беларусь мяне збеларушвае»? Зрэшты, цытаваць яго можна бясконца. І ўсе згаданыя аўтарскія метафары і алегорыі могуць нават стаць тэмай асобных цікавейшых літаратурных даследаванняў…

24 лютага споўнілася б 85 гадоў народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну. Ён – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за зборнік вершаў «Рум» і кнігу перакладаў выбранай лірыкі Гарсія Лоркі, узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў і Знак пашаны, медалём Францыска Скарыны, кавалер латвійскага ордэна Трох Зорак, ганаровы доктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

У 2006-м годзе Рыгор Барадулін вылучаўся намінантам на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік духоўных вершаў «Ксты». І тым не менш усе названыя ўзнагароды і адзнакі творчасці неяк мала стасаваліся з яго асобаю. Мне здавалася, ён жыў незалежна ад заслужанага грамадскага прызнання, у сваім Храме Слова, і гэтаму была падпарадкавана ўся сутнасць Паэта, і гэта вызначала яго лінію Лёсу… І цалкам адпавядала яшчэ аднаму яго радку «душа відушчая ў слова…»

Як у кожнага з нас свой Купала і Багдановіч, так і спадчына Рыгора Барадуліна сёння ўспрымаецца намі асобна. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурны музей Петруся Броўкі апошнія гады напрыканцы чэрвеня ладзяць цудоўныя літаратурныя вандроўкі на Ушаччыну – Малую радзіму Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, Петруся Броўкі. Мне даводзілася бываць у тых незабыўных паездках і кожны раз я з цікавасцю слухала, як удзельнікі падарожжаў, людзі рознага ўзросту і прафесійных заняткаў, чыталі вершы Барадуліна і ў салоне аўтобуса, і на ганку яго бацькоўскай хаты, і ля сівога валуна з крыжам на Вушацкіх могілках, дзе паэт пахаваны па яго запавеце побач з мамай Кулінай Андрэеўнай… Пасля такіх сустрэч застаецца ўражанне духоўнай еднасці людскіх душ і той жывой энергіі, якой напоўнена беларускае слова. А місія паэта – лучыць ім гады і стагоддзі на роднай зямлі.

Сам Рыгор Іванавіч прызнаваўся: «Беларускае слова для мяне – абсалютна ўсё: я ім дыхаю, я ім бачу, я ім гавару, я ім жыву, я ім хаджу. Я не ўяўляю сябе без беларускага слова… Толькі родная мова можа даць крылы для творчага ўзлёту. Дзякуй роднаму беларускаму слову…»

Дзякуючы ўнікальнаму таленту Рыгора Барадуліна, да глыбінь роднага слова, яго таямніц і прыгажосці цяпер далучаемся мы. І выказваем нашу вялікую пашану і захапленне Паэту, які сам быў сапраўдным чарадзеем Слова, слугаваў яму і валадарыў ім адначасова. Проста, годна, немітусліва. Для нас, яго сучаснікаў, гэтае імя абсалютна справядліва ўжо сёння гучыць, як класік беларускай літаратуры.

Паводле вершаў Рыгора Барадуліна на Беларускім радыё запісаны дзясяткі цудоўных кампазіцый у выкананні лепшых артыстаў розных пакаленняў. Захоўваецца ў нашых фондах і яго пераклад славянскага помніка ХІІ стагоддзя «Слова пра паход Ігаравы», які літаратуразнаўцы называюць самым дасканалым на сённяшні дзень, і пераклад кнігі «Песня над песнямі Саламонава». На нашых фондавых стужках можна пачуць і голас самога паэта… Але гэта ўжо асобная тэма гутаркі.

А сёння Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае ўсіх на імпрэзу «Святам свянцонае маміна слова», якая прысвечана 85-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Да яе падрыхтавана і дзеючая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Валянцін Тарас і Рыгор Барадулін. На выспе ўспамінаў…», дзе можна пабачыць унікальныя экспанаты з сямейнага архіва паэта.

«Непадуладная нікому,

З захмарнай вераю на ўзноў,

Душа вяртаецца дадому

Да першавоч,

Да першасноў…»

Такой першароднай моўнай крыніцай ёсць для нас усіх паэзія Рыгора Барадуліна. І варта не лянавацца чытаць яе часцей!

Close Menu