Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Каўказскія творы Л.М.Талстога”

22 жніўня 2019 года а 17-ай гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на адкрыццё  часовай  літаратурна-мастацкай  экспазіцыі “Каўказскія творы Л.М.Талстога” – сумеснага праекта з Федэральнай дзяржаўнай установай культуры “Дзяржаўны мемарыяльны і прыродны запаведнік “Музей-сядзіба Л.М.Талстога “Ясная Паляна”.

Леў Мікалаевіч Талстой – знакаміты класік рускай і сусветнай літаратуры. Яго пяру належаць выдатныя творы: “Война и мир”, “Анна Каренина”, “Воскресение”, “Крейцерова соната”, аўтабіяграфічная трылогія “Детство”, “Отрочество”, “Юность” і іншыя. Пісьменнік аказаў моцны ўплыў на эвалюцыю еўрапейскага гуманізму, а таксама на развіццё рэалістычных традыцый у сусветнай літаратуры.

Значную ролю ў станаўленні Льва Мікалаевіча Талстога як пісьменніка адыграў Каўказ.  Даследчыкі творчасці падкрэсліваюць, што ў каўказскіх апавяданнях складваўся агульны філасофскі погляд пісьменніка на жыццё, вайну і мір, які ўвасобіўся ў мастацкіх вобразах.

Экспазіцыя “Каўказскія творы Л.М.Талстога” прадстаўляе ілюстрацыі вядомай пецярбургскай мастачкі Вольгі Граблеўскай, створаныя спецыяльна для аднайменнага калекцыйнага выдання. Зборнік  быў выдадзены ў 2018 годзе пяцігорскім выдавецтвам “Снег” сумесна з музеем-сядзібай Л.М.Талстога “Ясная Паляна” да 190-годдзя пісьменніка. У выданне ўвайшлі вядомыя каўказскія творы пісьменніка: “Набег”, “Рубка леса”, “Разжалованный”, “Мильтон и Булька”, “Казаки”, “Кавказский пленник”, “Хаджи-Мурат”.

Акрамя знаёмства з каўказскай тэмай у жыцці і творчасці Л.М.Талстога,  наведвальнікі экспазіцыі змогуць узгадаць вядомыя творы  пісьменніка праз прыжыццёвыя выданні, апынуцца ва ўяўным месцы адпачынку і працы творцы, даведацца пра ўплыў творчасці Льва Тастога на беларускую літаратуру.

Рэдкія выданні прадстаўлены Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры наведвальнікі змогуць убачыць кніжныя выданні і рукапісы перакладаў твораў Льва Мікалаевіча Талстога на беларускую мову.

На адкрыццё экспазіцыі запрошаны прадстаўнікі Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі, супрацоўнікі музея-сядзібы Л.М.Талстога “Ясная Паляна”, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі, прадстаўнікі Беларускага саюза мастакоў, а таксама літаратуразнаўцы, выкладчыкі ВНУ, музейшчыкі, бібліятэкары, акцёры, музыкі.

 

Уваход вольны.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

(вул. М. Багдановіча, 13).

Кантактны тэлефон: (017) 335-44-47.

Афиша А3 1 шт, А4 3 шт

Close Menu