18 чэрвеня 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя манаграфіі Міколы Труса “Браціслаўскі эпісталярый: славацка-беларускі архіўны дыскурс ХХ стагоддзя”, а таксама выстава дакументаў, звязаных з жыццём Людмілы Краскоўскай, з прыватнага збору аўтара.
Кніга прадстаўляе беларускую грамадска-культурную прысутнасць у краінах Еўропы ў 1920-1930-х гг. у перыяд геапалітычных зменаў еўрапейскай карты ў выніку Першай сусветнай вайны. Матэрыялы, прадстаўленыя ў выставе, – арыгінальныя фатаграфіі, ліставанне, паштоўкі, дакументы – яскрава адлюстроўваюць гэтыя працэсы.
Прэзентацыя прайшла пры высокім дыпламатычным прадстаўніцтве з удзелам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Славацкай Рэспублікі Ёзэфа Мігаша (аўтара прадмовы да прэзентуемай кнігі) і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Томаша Перніцкі.
На мерапрыемстве таксама прысутнічалі калегі Міколы Труса – навукоўцы, даследчыкі, літаратуразнаўцы, а выступленні дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганны Вячаславаўны Запартыка і дацэнта кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алены Уладзіміраўны Вострыкавай падкрэслілі маштаб даследавання аўтара і вартасць выдання.