“Беларускія пісьменнікі-удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны” – праект Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, прысвечаны 80-годдзю Перамогі.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ў шэрагу барацьбітоў супраць фашысцкіх захопнікаў апынуліся і беларускія літаратары. Яны змагаліся ў дзеючай арміі, партызанскіх атрадах, падпольных арганізацыях.
Моцнай зброяй у пісьменніцкім арсенале стала мастацкае слова. Лепшым сродкам прапаганды і падтрымкі баявога духу былі франтавыя газеты, сатырычныя плакаты і лісткі. Многія пісьменнікі актыўна ў іх друкаваліся, некаторыя працавалі ў рэдакцыях, былі ваеннымі карэспандэнтамі.
Праект “Беларускія пісьменнікі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны” прысвечаны памяці паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, якія змагаліся за Радзіму ўсімі дасяжнымі ім сродкамі.
Напрацягу 2025 года, у дні нараджэння літаратараў, на сайце і сацыяльных сетак музея будуць з’яўляцца публікацыі, пазначаныя зорачкай. У іх мы будзем, адзін за адным, згадваць пісьменнікаў-барацьбітоў, дзяліцца звесткамі пра іх ваенную біяграфію, прапаноўваць для прачытання іх асобныя творы.