8 лютага 2021 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц…”, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна (1921-2004) і Івана Мележа (1921-1976).
Ушанаваць памяць класікаў беларускай літаратуры прыйшлі аматары іх творчасці, да якіх з прывітальным словам звярнуўся намеснік дырэктара па навуковай рабоце Настасся Кальцова. Пра значнасць і ўнёсак у нацыянальную культуру Івана Шамякіна і Івана Мележа на імпрэзе распавялі літаратуразнаўца, літаратурны крытык, даследчык творчасці Івана Шамякіна і Івана Мележа Яўген Гарадніцкі; пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч Анатоль Бутэвіч; доктар філалагічных навук, прафесар, дырэктар “Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы” Іван Саверчанка.
Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц…” на матэрыялах з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры распавядае пра вытокі, жыццёвы і творчы шлях, узаемаадносіны Івана Шамякіна і Івана Мележа. Аўтар навуковай канцэпцыі – вядучы навуковы супрацоўнік Паліна Саўген, аўтар мастацкай канцэпцыі – вядучы мастак Генадзь Чысты.
Наведаць літаратурна-дакументальную экспазіцыю “Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц…” можна да 16 жніўня 2021 года.







