У цёплай сяброўскай атмасферы ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 8 красавіка 2021 года адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…”, прымеркаванай да 110-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Васіля Віткі (1911-1996).
Каб ушанаваць памяць любімага пісьменніка і добрага сябра беларускіх дзяцей, на мерапрыемства завітала дэлегацыя са Случчыны, радзімы пісьменніка, у складзе Людмілы Гурыновіч, дырэктара Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі, Ніны Харошка, дырэктара Акцябрскай базавай школы імя Васіля Віткі, і паэтэссы Ганны Міклашэвіч. З прывітальным словам да гасцей звярнуўся дырэктар установы Сяргей Усік. Пра творчую спадчыну класіка прыйшла распавесці даследчыца яго дзейнасці, старшы выкладчык кафедры беларускай і замежнай літаратуры БДПУ імя Максіма Танка Святлана Сычова і загадчыца Дзіцячай бібліятэкі №6 г.Мінска імя Васіля Віткі, у якой знаходзіцца філіял музея рэдакцыі часопіса “Вясёлка”, Тамара Патук. У мерапрыемстве прынялі ўдзел і беларускія пісьменнікі, прадаўжальнікі дзейнасці Васіля Віткі: галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў і галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп. Падчас мерапрыемства прагучалі іх успаміны і цёплыя словы пра Васіля Вітку.
Напрыканцы імпрэзы адбылася экскурсія экспазіцыі, якую правяла аўтар навуковай канцэпцыі вядучы навуковы супрацоўнік Паліна Саўген. Аўтар мастацкай канцэпцыі – вядучы мастак Генадзь Чысты.
Мерапрыемства ўпрыгожыла музычнае выступленне вучаніцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа Евы Волкавай і вершаваныя радкі Васіля Віткі з вуснаў вучняў гімназіі №25 г.Мінска Крысціны Карасёвай і Іллі Казлоўскага і сярэдняй школы №190 Івана Сушко і Таісіі Ілюшка.
Наведаць літаратурна-дакументальную экспазіцыю “Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…” можна да 19 верасня 2021 года.













