
27 студзеня 2021 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіць навукова-практычны семінар “Шляхамі маладнякоўцаў”, прысвечаны юбілеям пісьменнікаў-маладнякоўцаў – 135-годдзю з дня нараджэння Змітрака Бядулі (1886-1941) і 120-годдзю з дня нараджэння Міхася Зарэцкага (1901-1937). У семінары прымаюць удзел супрацоўнікі музея – загадчык навукова-асветніцкага аддзела Эліна Свірыдовіч і загадчык філіяла “Беларуская хатка” Таццяна Лабада.
Семінар праходзіць у межах супрацоўніцтва чатырох устаноў – Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Выдавецкага дома “Звязда” (часопіс “Маладосць”) – у межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” да 100-годдзя ўтварэння Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”.
Падчас семінару супрацоўнікі ўстановы анансуюць цыклы мерапрыемстваў па святкаванні юбілейных дат пісьменнікаў. Сярод якіх – прэзентацыя музейнай экспазіцыі і правядзенне конкурсу дзіцячых малюнкаў, прысвечаных 135-годдзю з дня нараджэння Змітрака Бядулі, што будзе праходзіць з 1 лютага па 23 красавіка бягучага года ў філіяле “Беларуская хатка”.
А таксама адкрыццё літаратурна-дакументальнай экспазіцыі ў рамках праекта “Залатая раніца беларускага Адраджэння” да 120-годдзя з дня нараджэння Міхася Зарэцкага ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры і інш.
Сачыце за абвесткамі на нашым сайце і ў сацыяльных сетках!
Прадугледжаны прамы эфір пасяджэння круглага стала на канале YouTube: https://youtu.be/H0URNVUNQcc.