Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

27 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся навукова-практычны семінар, прысвечаны юбілеям пісьменнікаў-маладнякоўцаў

27 студзеня 2021 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся навукова-практычны семінар, прысвечаны юбілеям пісьменнікаў-маладнякоўцаў: 135-годдзю з дня нараджэння Змітрака Бядулі (1886–1941) і 120-годдзю з дня нараджэння Міхася Зарэцкага (1901–1937).

Мерапрыемства праходзіла ў рамках рэспубліканскага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” (2019–2023), прымеркаванага да 100-годдзя з дня ўтварэння Усебеларускага літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Ініцыятарамі стварэння праекта сталі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Выдавецкі дом “Звязда” (часопіс “Маладосць”).

На семінары былі падведзены вынікі мерапрыемстваў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, праведзеных у 2020 годзе ў межах праекта, і планаў на 2021 год, пра якія распавяла загадчык навукова-асветніцкага аддзела Эліна Свірыдовіч. Сярод праектаў – літаратурнае падарожжа на Шклоўшчыну да 120-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Міхася Зарэцкага сумесна са Шклоўскім райвыканкамам і Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткай Шклоўскага раёна.

Аб ушанаванні памяці пісьменніка Змітрака Бядулі паведаміла загадчык філіяла  “Беларуская хатка” Таццяна Лабада. Ад філіяла “Літаратурны музей Петруся Броўкі” прынялі ўдзел навуковы супрацоўнік Павел Яцін і малодшы навуковы супрацоўнік Дарыя Карчашкіна, якая выступіла з даследваннем “Жанравая спецыфіка празаічных твораў малой формы ў спадчыне Цёткі і Змітрака Бядулі”. Удзельнікі семінара ў сваіх выступленнях не аднойчы ўзгадвалі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры як крыніцу ўнікальных матэрыялаў пра жыццё і творчасць знакамітых і малавядомых пісьменнікаў Беларусі.

Тэмы, заяўленыя для абмеркавання падчас семінара, выклікалі зацікаўленасць літаратуразнаўцаў, даследчыкаў літаратуры, архівістаў, аматараў літаратуры міжваеннага часу. Варта засведчыць: праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” працягваецца і набывае новых прыхільнікаў. Пажадаем яму далейшых адкрыццяў і поспехаў.

Close Menu