Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

26 красавіка запрашаем на адкрыццё экспазіцыі “Чарнобыль – 35…”

26 красавіка 2021 г. а 17:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Чарнобыль – 35…”, прысвечанай 35 гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС і 85-годдзю з дня нараджэння празаіка, публіцыста, кіраўніка Грамадскага аб’яднання Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз Чарнобыль Васіля Якавенкі.

26 красавіка 1986 г. адбыўся выбух на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Вынікі гэтай аварыі сталі катастрафічнымі для нашай краіны. Балюча адгукнуўся Чарнобыль у сэрцы і лёсе кожнага беларуса. Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Чарнобыль – 35…” прадстаўляе асэнсаванне трагічнай падзеі ў творчасці беларускіх пісьменнікаў. Іван Шамякін, Максім Танк, Пімен Панчанка, Алесь Адамовіч, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Мікола Мятліцкі, Алесь Пісьмянкоў, Яўгенія Янішчыц, Ніна Аксёнчык, Анатоль Зэкаў, Васіль Жуковіч, Васіль Якавенка – далёка не поўны спіс творчых, таленавітых людзей, якія паклалі свае развагі на паперу і стварылі мастацкія творы, напісалі паэтычныя радкі, якія не даюць забыць Чарнобыль і нагадваюць пра гэтую жудасную старонку нашай гісторыі.

Праз якія б выпрабаванні не прайшла наша Беларусь, яна выжывала, яна адраджалася, уставала з попелу і развівалася далей. Шмат у чым дзякуючы неабыякавым людзям, да якіх можна аднесці і Васіля Якавенку, вядомага публіцыста, празаіка, якога турбавалі пытанні экалогіі. Менавіта праз яго клопат у 1988 г. быў скасаваны праект асушэння поймы Прыпяці, які пагражаў Беларусі пустыняй, што дало пачатак новай нацыянальнай палітыцы ў справе меліярацыі. Менавіта ён заснаваў сацыяльна-экалагічную газету “НАБАТ”, у якой раскрываў наступствы Чарнобыльскай катастрофы, а затым – ГА “Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз “Чарнобыль”, які спрыяў аздараўленню дзяцей за мяжой і ў сумесна адкрытым беларуска-японскім санаторыі “Кюсю-на-Свіслачы” (у спарткомплексе “Стайкі” пад Мінскам). У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, фатаграфіі, рукапісы, артыкулы, кнігі з архіва В.Ц. Якавенкі, які захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

У адкрыцці часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі прымуць удзел паэты Анатоль Зэкаў і Антаніна Хатэнка, пісьменнік і гісторык Юры Кур’яновіч, фотамастак Юрый Іваноў.

Уваход у дзень адкрыцця вольны.

Калі: 26 красавіка ў 17:00.

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13).

Кантактны тэлефон: (017) 363-56-21.

Close Menu