23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. А вось вытокі свята трэба шукаць глыбей — яны ў далёкім 1918 годзе. Само свята пачалі адзначаць у 1922 годзе. Пазней гэты дзень атрымаў назву “Дзень Чырвонай Арміі” і азнаменаваў перамогу над нямецка-фашысцкімі войскамі.
Гэтае ўсенароднае свята з’яўляецца сімвалам глыбокай пашаны да ўсіх пакаленняў абаронцаў Айчыны і ўвасабляе непарыўную сувязь гераічнага мінулага і сучаснасці. У год 75-годдзя Вялікай Перамогі Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл набывае асаблівую значнасць. У барацьбе з ворагам беларускія воіны паказалі прыклад найвышэйшай доблесці, трываласці і самаадданай любові да Радзімы.
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваюцца віншавальныя паштоўкі, прысвечаныя святкаванню Дня абаронцаў Радзімы. Людзі з розных куткоў Беларусі дасылалі віншаванні вядомым беларускім пісьменнікам, такім, як Васіль Быкаў, Сяргей Новік-Пяюн, Іван Шамякін.
Паважаныя мужчыны, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл, ваеннаслужачыя!
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры шчыра віншуе вас з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь! Шчыра жадаем кожнаму мужчыне дасягаць пастаўленых мэт, адстойваць ідэалы дабра і справядлівасці, быць надзейнай апорай для ўсіх, хто побач! Моцнага здароўя вам, невычэрпнай крыніцы жыццёвых сіл, упэўненасці ў заўтрашнім дні, сямейнага дабрабыту і шчасця!

